Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УТА ЦАПФ — ПРА САКРЭТНЫЯ ДАКУМЭНТЫ ВЕНСКІХ ПЕРАМОВАЎ, САСТУПКІ МЕНСКУ І СВАЁ ЖАДАНЬНЕ СУСТРЭЦЦА З ЛУКАШЭНКАМ


Ул. інф.

(Карэспандэнт: ) “Спадарыня Цапф, зараз у асяродку беларускіх палітыкаў і назіральнікаў можна шмат пачуць пра гэтак званыя сакрэтныя пратаколы, якія былі зробленыя ў часе венскіх перамоваў 30 сьнежня. Менавіта гэтыя дакумэнты дазваляюць многім экспэртам сьцьвярджаць, што АБСЭ ў пытаньні аднаўленьня свайго офісу саступіла афіцыйнаму Менску...”

(Цапф: ) “Гэта недарэчнасьць. Такіх сакрэтных дадатковых пратаколаў проста не існуе. Тое, што абмяркоўваецца, у тым ліку ў вашай беларускай прэсе, ёсьць інтэрпрэтацыяй амбасадара Гайсёнка. Паводле яго, новы мандат трактуецца не як каапэрацыя бакоў, а як дазвол беларускага ўраду на працу офісу. Падобная інтэрпрэтацыйная адзнака мандату адразу ж была адхіленая ўсімі амбасадарамі. Паўтаруся, што гэта ня ёсьць нейкімі сакрэтнымі пратаколамі — інтэрпрэтацыйная заява трапіла ва ўсе выданьні. Гэты дакумэнт ня мае ніякай вагі й ніякай сілы. Ён проста ёсьць доказам магчымых праблемаў, якія могуць існаваць паміж беларускім урадам і офісам АБСЭ”.

(Карэспандэнт: ) “Калі дазволіце, спынюся на яшчэ адным распаўсюджаным меркаваньні, якое можна пачуць у колах беларускіх аналітыкаў. Лічыцца, што ўхваліўшы кандыдатуру новага кіраўніка місіі, нямецкага дыплямата Гайкена, ёсьць падставы спадзявацца на хуткае зьняцьцё візавых санкцыяў у дачыненьні да беларускага кіраўніцтва дый на хуткае наданьне Беларусі статусу сябра ў ПА АБСЭ... Лічыцца, што Нямеччына, тая краіна, якая мае намер падтрымліваць Беларусь у гэтых пытаньнях...”

(Цапф: ) “Ну, гэта поўнае непаразуменьне. Так, сапраўды, ёсьць вельмі моцны інтарэс нямецкага ўраду да Беларусі. Існуюць, скажам так, двухбаковыя гандлёвыя дачыненьні сярэдняй разьвітасьці. Аднак адсюль зусім не вынікае, што Нямеччына будзе ініцыяваць нейкія крокі наконт палітычных саступак Менску, а тым больш сама будзе рабіць гэтыя саступкі”.

(Карэспандэнт: ) “Вы лічыце, што такія крокі блізкім часам немагчымыя?”

(Цапф: ) “Я лічу, што з часу нашага апошняга наведаньня Беларусі — летась у траўні — тоё разьвіцьцё, якое адбываецца тут у краіне, нельга назваць пазытыўным. І я глыбока шкадую, што ніякіх станоўчых зьменаў тут не адбылося. Калі быць дакладнай, нейкі прагрэс ёсьць, але толькі ў пытаньні аднаўленьня працы місіі. Аднак я зусім ня ведаю, як будзе працаваць гэты офіс, ці пратрымаецца ён больш за год. На цяперашні момант магу сказаць наступнае: крызыс нейкім чынам пераадолены, але ў АБСЭ шмат працы. Карацей, трэба пачакаць, што пакажа будучае разьвіцьцё”.

(Карэспандэнт: ) “У часе сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі вы паведамілі, што плянавалі сустрэцца з Лукашэнкам, аднак той адмовіўся ад прапановы сустрэцца і нават раззлаваўся за штосьці на вас. У часе будучага візыту вы будзеце справабаць арганізаваць зь ім сустрэчу?”

(Цапф: ) “Я лічу, што гэта ня самае галоўнае ў маім жыцьці — сустрэцца з Лукашэнкам і паразмаўляць зь ім. Я ўдзельнічаю ў дыялёгу паміж Менскам і АБСЭ. Тэма гэтага дыялёгу — стан цяперашняга беларускага грамадзтва. У гэтым зьвязку для мяне сапраўды было важна паразмаўляць з вашым лідэрам. Аднак ня толькі зь ім, а таксама з парлямэнтам, міністрамі, апазыцыяй, прадстаўнікамі NGO, праваабаронцамі, прэсай, усімі групамі, якія прадстаўленыя ў гэтым грамадзтве і ад якіх залежыць цяперашняе грамадзкае жыцьцё ў Беларусі”.
XS
SM
MD
LG