Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІНІСТАР СПОРТУ АПРАНАЕ АЛІМПІЙЦАЎ У БЕЛА-БЛАКІТНЫ КОЛЕР — КОЛЕР ТАВАРЫСТВА “ДЫНАМА”


Ігар Карней, Менск

Ад моманту прызначэньня новага міністра спорту мінулі два тыдні, і, пэўна, можна рабіць першыя высновы. Кожная адзнака дзейнасьці Сівакова так ці інакш выстаўляецца праз прызму ягоных ранейшых пасадаў. Так што тут справа больш у ідэалягічных падабенствах ці разыходжаньнях... Але факт, што за справу Юры Сівакоў сапраўды ўзяўся з імпэтам: навіны са штаб-кватэры на вуліцы Кірава, 8 — ледзьве ня самыя шматлікія ў стужках інфармагенцыяў.

Учора, дарэчы, я зазірнуў на сайт міністэрства і сярод шматлікіх рубрык знайшоў адметную: пляны міністра. Штодня графік запоўнены шматлікімі сустрэчамі. Некаторыя магу нават назваць: “Апэратыўны сход у пытаньнях будаўніцтва Палацу воднага спорту”, “Абмеркаваньне праблемаў беларускага спорту зь дзяржаўнымі і галоўнымі трэнэрамі”, “Сход у пытаньнях разьвіцьця турызму”, “Сход з кіраўнікамі фэдэрацыяў па відах спорту” і г.д. Усяго — больш за тузін сустрэчаў на 2–3 дні.

Нягледзячы на зьнешнія фактары, цяжка сказаць, якіх зьменаў можна дасягнуць за такі непрацяглы тэрмін. Пакуль што фармуецца каманда паплечнікаў; прагназуюць, што гэта таксама будуць людзі ў пагонах. Але адну невялікую выснову зрабіць, пэўна, можна: у першыя ж дні Сівакоў даў зразумець, што спорт у Беларусі ня будзе аддзелены ад палітыкі, як гэта спрабавалі зрабіць ягоныя папярэднікі. Іншымі словамі, можна прагназаваць, што спорт і надалей будзе, так бы мовіць, разьменнай картай у руках беларускага кіраўніцтва.

Першае заданьне, якое Сівакоў атрымаў ад Лукашэнкі, сьведчыць, што стаўка на спорт зробленая значная. Я маю на ўвазе загад прывезьці ў наступным годзе з алімпійскіх гульняў у Грэцыі 25 мэдалёў.

Што тычыцца ўзгаданага пажаданьня Аляксандра Лукашэнкі, то ўсе блізкія да спорту людзі, якія ведаюць рэальны стан беларускага спорту, ня могуць уцямна назваць нават дзясятак прозьвішчаў спартоўцаў, якія здольныя на такія гераічныя ўчынкі ў Атэнах. Ня кажучы ўжо пра два зь лішнім дзясяткі.

А што тычыцца асобы? Натуральна, што асоба міністра спорту для посьпеху спартоўцаў шмат што значыць. Іншае пытаньне, ці здолее такой асобай стаць спадар Сівакоў? Якраз на гэтую тэму напярэдадні я размаўляў з адным са славутых беларускіх спартоўцаў, шасьціразовым чэмпіёнам сьвету ў канькабежным спорце Ігарам Жалязоўскім, які не хавае, што зараз ёсьць апанэнтам міністра спорту.

(Жалязоўскі: ) “Паставіць на чале можна і вайскоўца, і міліцыянта, і салдата, калі абавязкова хочацца сьледаваць нейкай мадэлі. Небясьпека ў тым, што такімі тэмпамі ў спорце ўрэшце не застанецца ніводнага спартоўца. Дзяржаўны чыноўнік павінен разумець: у любым выпадку ён будзе зьняты — рана ці позна. Таму рабіць высновы трэба вельмі асьцярожна і тонка, крокі патрэбна рабіць вельмі ўдумлівыя.

Жаданьне навесьці парадак — гэта добра, але павінны быць веды, прафэсіяналізм. Мала проста камандаваць, трэба ведаць, якія зрабіць захады. Я натуральна, ведаю, што Сівакоў быў міністрам унутраных справаў, і цалкам мажліва, што ён штосьці разумее ў спорце. Але ўсё ж сумнеўна, што можна быць аднолькава вялікім адмыслоўцам ва ўсіх галінах”.

Ці ёсьць сапраўды падставы меркаваць, што Сівакоў падыходзіць да справы з занадта салдацкай упартасьцю? Цяжка пакуль казаць катэгарычна. Калі хіба згадаць ягоныя недарэчныя рэкамэндацыі мадэльерам, якія працуюць над стварэньнем касьцюмаў для беларускіх алімпійцаў. Сівакоў настояў, каб беларускіх атлетаў апрануць у форму бела-блакітнай гамы. Гэта не стасуецца ня толькі з адвечнымі нацыянальнымі колерамі Беларусі, але нават зь цяперашнімі, чырвона-зялёнай расфарбоўкі.

Зрэшты, тут адразу робіцца зразумела, адкуль “растуць ногі”: Сівакоў да прызначэньня на пасаду міністра быў кіраўніком таварыства “Дынама”, а бела-блакітны — гэта колер спартоўцаў-міліцыянтаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG