Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАСЕЯ АДСТУПАЕ АД СВАІХ АБЯЦАНЬНЯЎ І ЎВОДЗІЦЬ МІГРАЦЫЙНЫЯ КАРТКІ ДЛЯ БЕЛАРУСАЎ


Ігар Карней, Менск

Аб рашэньні адсочваць колькасьць замежнікаў на сваёй тэрыторыі з дапамогай адмысловых міграцыйных картаў расейская фэдэральная міграцыйная служба абвесьціла амаль год таму. Цягам гэтага часу самым складаным заставалася пытаньне: якім чынам абысьціся зь беларусамі, якія, паводле шматлікіх саюзных пагадненьняў, маюць права вольнага перамяшчэньня па Расеі (дарэчы, гэткая ж магчымасьць прадастаўленая і расейцам у Беларусі).

Некалькі разоў падавалася супярэчлівая інфармацыя: ад той, што карткі для беларусаў абавязковыя і да нядаўняй, агучанай у часе сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзімера Пуціна ў Менску 19 студзеня. Тады лідэры адназначна заявілі, што міграцыйныя карткі беларусам запаўняць на мяжы ня трэба.

Аднак на сёньняшнім пашыраным паседжаньні калегіі МУС міністар унутраных справаў Барыс Грызлоў канстатаваў, што міграцыйныя карткі запатрабуюцца ня толькі замежным грамадзянам, якія ўяжджаюць у Расею празь Беларусь з трэціх краінаў, але і самім беларусам. Грызлоў удакладніў, што падобныя карткі атрымаюць як беларускія грамадзяне, якія маюць намер трапіць у Расею ад 14 лютага, так і тыя, хто ўжо знаходзіцца на тэрыторыі Фэдэрацыі.

Для беларускага МУС зьвесткі з Масквы сталіся поўнай нечаканасьцю. Прэсавы сакратар міністэрства Віталь Грынкевіч кажа, што яшчэ днямі на падобнае разьвіцьцё падзеяў нічога не паказвала.

(Грынкевіч: ) “Шчурко езьдзіў у Расею, гэта наш першы намесьнік міністра ўнутраных справаў, выступаў з камэнтарамі на БТ, мы самі давалі камэнтары па факце таго, што карткі не патрэбныя. І тут раптам атрымліваецца, што карткі падрыхтаваныя, зробленыя”.

Зрэшты, і ў расейскіх сілавых ведамствах супрацоўнікі аказаліся непадрыхтаваныя да падобных навінаў. У прэсавай службе МУС Расеі гэтаксама ўзгадваюць, якую ўстаноўку яны атрымалі пасьля візыту Пуціна ў Менск.

(Супрацоўніца прэсавай службы: ) “Гаворка ішла пра тое, што картка беларусам ня будзе выдавацца. Мы наадварот, рабілі паведамленьні, што будзе адзіная міграцыйная палітыка. Нешта раптоўна перайгралі. Таму наўрад ці хтосьці будзе гатовы адказаць на пытаньне: чаму гэта здарылася? Будуць, пэўна, дадатковыя кансультацыі ў міністра. Але для шараговых супрацоўнікаў была нечаканасьцю размова пра ўвядзеньне міграцыйных картак для грамадянаў Беларусі”.

Пакуль аналітыкі ня робяць прагнозаў, якім чынам адрэагуе на падобнае рашэньне кіраўніцтва Беларусі. Аднак тое, што ў беларуска-расейскіх дачыненьнях зноў можа распачацца этап пэўных непаразуменьняў, зараз не выключае ніхто.
XS
SM
MD
LG