Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ТЭЛЕФОННЫЯ АПАРАТЫ НОВАГА СТАНДАРТУ МАБІЛЬНАЙ СУВЯЗІ КАШТУЮЦЬ 500 ТЫСЯЧ РУБЛЁЎ, І ЗЬ ІХ ПАКУЛЬ НЕЛЬГА ДАЗВАНІЦЦА АБАНЭНТАМ “VELCOM”


Юры Сьвірко, Менск

З шостага лютага ад 14-й гадзіны ў Менску пачалося падключэньне тэлефонаў новага лічбавага стандарту cdma2000, які, паводле цьверджаньняў кампаніі “БелСел”, больш якасны ў параўнаньні з папулярным GSM і дазваляе значна хутчэй карыстацца Інтэрнэтам з мабільнага тэлефону.

Патэнцыйныя кліенты даведаліся, што апарат каштуе 500 тысяч рублёў. Адметна, што гэты тэлефон маркі “Хюндай” цаной паўмільёна — адзіны, які прапаноўваецца для падключэньня, і зроблены ён у Кітаі. Тэхналёгія новага стандарту пастаўленая “БелСелу” таксама кітайскай кампаніяй.

Апэратарка кампаніі “БелСел” адказала й на яшчэ адно асноўнае пытаньне:

(Карэспандэнт: ) “Колькі каштуе падключэньне?”

(Апэратарка: ) “Бясплатнае падключэньне. Таксама няма абанэнцкае платы ні на адным тарыфным пляне — усяго іх чатыры”.

З гэтых чатырох тарыфных плянаў адзін, “Юніён”, дазваляе размаўляць па тэлефоне нават адзін раз у некалькі гадоў, і ўсё адно апарат не адключаць, а тры іншыя пляны гарантуюць бясплатныя размовы ўнутры сеткі “БелСел”.

Праўда, у першы дзень працы новага стандарту тыя, хто прысутнічаў на прэзэнтацыі, не маглі дазваніцца з тэлефонаў cdma2000 абанэнтам кампаніі “Velcom”, хаця напярэдадні зь імі сувязь была. Такім чынам, паўтараецца скандал, што здарыўся пасьля пачатку дзейнасьці фірмы “МТС” — найбуйнейшы апэратар “Velcom” заблякаваў сувязь з канкурэнтам.

Калі тэлефонныя нумары абанэнтаў “Velcom” пачынаюцца з коду 0296, а “МТС” — з 0297, дык “БелСел” прапаноўвае альбо нумары з кодам 0294, альбо наўпроставыя менскія гарадзкія нумары. У апошнім выпадку за ўваходныя званкі давядзецца плаціць уладальніку тэлефона.

Ці знойдзе “БелСел” кліентаў на рынку, дзе ён стаў трэцім лічбавым апэратарам? У кампаніі пакуль устрымліваюцца ад камэнтароў.

Новы лічбавы стандарт cdma2000 лічыцца неэўрапейскім, таму што ім карыстаюцца найбольш у Паўночнай Амэрыцы, Японіі, Кітаі. У Эўропе гэты стандарт разьвіваюць у Румыніі й расейскім Санкт-Пецярбургу.
XS
SM
MD
LG