Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ ЎЛАДЫ ДАМАГАЮЦЦА СЯБРОЎСТВА Ў ПАРЛЯМЭНЦКАЙ АСАМБЛЕІ АБСЭ


Валер Каліноўскі, Менск

Першымі з дэлегацыяй ПА АБСЭ сустрэліся прадстаўнікі апазыцыйных партыяў. Як паведаміў лідэр АГП Анатоль Лябедзька, абмяркоўваліся адносіны Беларусі й АБСЭ, а таксама выбарчая кампанія, сытуацыя са свабодай слова і правамі чалавека.

Пазьней, падчас перамоваў зь віцэ-сьпікерам Палаты прадстаўнікоў Уладзімерам Канаплёвым, Ута Цапф заявіла, што ў Беларусі не назіраецца прагрэсу ў гэтых важных для АБСЭ праблемах, што страчваюць сваю незалежнасьць прафсаюзы. Уладзімер Канаплёў адкінуў гэтыя абвінавачаньні, назваў Беларусь “адной з самых перадавых краінаў Эўропы”, зазначыў, што журналісты тут вольныя, але калі пачынаюць хлусіць, “атрымліваюць паводле закону”.

Тым ня менш у Палаце прадстаўнікоў спадзяюцца, што візыт групы Уты Цапф паспрыяе ўступленьню Нацыянальнага сходу ў ПА АБСЭ. Гэтую ж тэму абмяркоўваў з дэлегацыяй і міністар замежных справаў Міхаіл Хвастоў. МЗС сёньня выступіла з адмысловай заявай на гэты конт. Гаворыць афіцыйны прадстаўнік МЗС Андрэй Савіных:

(Савіных: ) “МЗС Беларусі разглядае ў якасьці асноўнай задачы рабочай групы Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ па Беларусі паўнавартаснае далучэньне дэпутатаў Нацыянальнага сходу Беларусі да дзейнасьці асамблеі”.

У ПА АБСЭ дасюль захоўваецца пустое крэсла беларускай дэлегацыі ў сувязі з тым, што парлямэнцкія выбары 2000 году не былі прызнаныя вольнымі. І вырашэньне пытаньня пра сяброўства Беларусі ў ПА АБСЭ сапраўды залежыць ад рэкамэндацыяў групы Уты Цапф, але сама яна пакуль ухіляецца ад выказваньня канкрэтнай пазыцыі:

(Цапф: ) “Што да месца ў Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ, то мы зьбіраемся падрыхтаваць па выніках місіі справаздачу, як мы заўсёды робім, і абмяркуем гэтую тэму ў канцы лютага ў Вене. І я лічу, што будзе пазытыўны ўплыў ад таго, што цяпер місія АБСЭ ў Менску вольна ўсталяваная”.

Але прадстаўнікі беларускай апазыцыі прапанавалі спадарыні Цапф адкласьці пытаньне сяброўства Беларусі ў ПА АБСЭ зь лютаўскай сэсіі на наступную, каб мець магчымасьць ацаніць умовы працы новага офісу АБСЭ ў Менску і дэмакратычнасьць мясцовых выбараў. Гаворыць лідэр АГП Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) “Нашая прапанова такая: разгляд гэтага пытаньня аб магчымасьці прыняцьця станоўчага рашэньня перанесьці на наступную сэсію, даць час, за які беларускія ўлады могуць правесьці нейкія зьмены і лібэралізаваць сытуацыю. Я падкрэсьліваю, што гэта кансалідаваная пазыцыя ўсіх палітычных партыяў”.

Паводле А.Лябедзькі, іншы сябар дэлегацыі Урбан Алін прызнаў, што калі АБСЭ пойдзе на саступкі афіцыйнаму Менску ў гэтым пытаньні, то потым складана будзе дабівацца нейкай лібэралізацыі ў Беларусі перад парлямэнцкімі выбарамі.
XS
SM
MD
LG