Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ВІЦЕБСКАГА АПАЗЫЦЫЯНЭРА ЎЛАДЗІМЕРА ПЛЕШЧАНКУ АШТРАФАВАЛІ НА 1850000 РУБЛЁЎ


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Перад тым, як вынесьці сваё сёньняшняе рашэньне, судзьдзя Чыгуначнага раённага суду Сьвятлана Туфан некалькі гадзін запар кансультавалася ў Віцебскім абласным судзе. Таму абвяшчэньне выраку было адкладзенае, і сябру КХП БНФ Уладзімеру Плешчанку давялося прыяжджаць у суд двойчы — а 9-й раніцы да 13-й дня.

Нарэшце вырак быў абвешчаны: за тое, што Ўладзімер Плешчанка выйшаў да “Сіняга дому” з плякатам “Збор сродкаў супраць расейскай агрэсіі”, ён прызнаны вінаватым у арганізацыі несанкцыянаванага пікетаваньня ды пакараны штрафам. Нагадаем, што сама падзея адбылася 20 студзеня, падчас візыту ў Беларусь Уладзімера Пуціна.

Спадар Плешчанка зазначыў, што гэты дзень для правядзеньня сваёй акцыі ён абраў адмыслова, бо лічыць, што пагроза беларускай незалежнасьці йдзе менавіта з расейскага боку. Аднак вінаватым у адміністрацыйным парушэньні ён сябе не лічыць. А таму прысуджаны сёньня штраф на 150 базавых адзінак выплачваць не зьбіраецца.

Неўзабаве ў Віцебску мусяць адбыцца суды і над яшчэ двума затрыманымі 20 студзеня апазыцыянэрамі — Барысам Хамайдам ды Аляксандрам Салаўянам.
XS
SM
MD
LG