Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧАСОПІС “TIME”: МЕНСК ШЛЕ СУПЯРЭЧЛІВЫЯ СЫГНАЛЫ МАСКВЕ


Аляксей Знаткевіч, Менск

Беларускія ўлады, якіх часта вінавацяць у парушэньнях правоў чалавека і нападах на прэсу, зноўку трапілі пад крытыку, піша часопіс “Time”. Гэтым разам яны спынілі рэтрансьляцыю трох расейскіх радыёстанцыяў і скарацілі вяшчаньне расейскага тэлеканалу РТР. Паводле “Time”, улады таксама патрабуюць перарэгістрацыі тэле- і радыёстанцыяў, і ёсьць падазрэньні, што такім чынам яны паспрабуюць абмежаваць вяшчаньне расейскіх мэдыяў на тэрыторыі Беларусі.

Афіцыйная вэрсія дзеля ўсіх гэтых крокаў — пашырэньне нацыянальнага вяшчаньня. Аднак ня ўсе ў гэта вераць, піша “Time”, бо расейскія мэдыі маюць сур’ёзны ўплыў у Беларусі. Многіх зьдзіўляе, што расейскія мэдыі ў Беларусі абмяжоўваюцца ў той час, калі Аляксандар Лукашэнка кажа пра далейшую інтэграцыю, у тым ліку пра гатоўнасьць прыняць расейскі рубель у якасьці агульнай валюты.

Беларускія ўлады, аднак, кажуць, што палітыка ў дачыненьні да Расеі абсалютна пасьлядоўная. Паводле іхнай вэрсіі, скарачэньне расейскага вяшчаньня мае эканамічныя прычыны — рэтрансьляцыя расейскіх станцыяў задорага абыходзілася Беларусі.

Джын Макензі, кіраўніца беларускага прадстаўніцтва праграмы IREX, лічыць, што апошнія крокі беларускіх уладаў найхутчэй маюць і эканамічныя, і палітычныя прычыны. Яна сказала часопісу “Тіme”, што сёлетняя кампанія перарэгістрацыі тэле- і радыёстанцыяў мусіць паказаць, наколькі вялікі ўплыў тут мае палітыка. “Time” дадае, што Масква будзе ўважліва назіраць, бо далейшае скарачэньне расейскага вяшчаньня падасца Крамлю дзіўнаватым у сьвятле беларускіх заяваў пра паглыбленьне інтэграцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG