Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЬПІКЕР ПАЛАТЫ ПРАДСТАЎНІКОЎ ЗНАЙШОЎ ЗЬНЕШНЮЮ ВАЕННУЮ ПАГРОЗУ БЕЛАРУСІ


Юры Дракахруст, Прага

Сп-р Папоў патлумачыў, што некаторыя дзяржавы маюць вялікія запасы ядзернай і іншай зброі масавага зьнішчэньня, а таксама не адмаўляюцца ад спробаў ўшчымленьня нацыянальных інтарэсаў Беларусі ў пытаньнях міжнароднай бясьпекі. Старшыня палаты прадстаўнікоў у сваім інтэрвію заявіў, што пашырэньне ваенных блёкаў перашкаджае стварэньню сыстэмаў калектыўнай бясьпекі на постсавецкай прасторы, прыгадаў ён таксама інфармацыйна-псыхалягічны ціск на Беларусь, які, паводле сп-ра Папова, прымушае “трымаць порах сухім”.

Ягоная тэза пра існаваньне ваеннай пагрозы Беларусі падаецца даволі спрэчнай, але варта адзначыць, што беларускія ўлады часам самі нібыта напрошваюцца на такія пагрозы. Учора Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Ірак можа разьлічваць на падтрымку і дапамогу з боку Беларусі, наколькі гэта магчыма ў цяперашняй сытуацыі. Розныя краіны па-рознаму ставяцца да неабходнасьці раззбраеньня Іраку ваеннай сілаю, ёсьць і апанэнты такім намерам, але, здаецца, ніводная ня тое што эўрапейская, але нават і мусульманская краіна не абяцае зараз “дапамогі і падтрымкі” багдадзкаму рэжыму. Ніводная, акрамя Беларусі. Аб’екты дапамогі і падтрымкі варта выбіраць усё ж больш абачліва, дбаючы ня столькі пра салідарнасьць дыктатараў і ізгояў усяго сьвету, але і сапраўды пра бясьпеку ўласнай краіны.
XS
SM
MD
LG