Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ШТАБ-КВАТЭРЫ БНФ МІЛІЦЫЯНТЫ ШУКАЛІ ВЫБУХОВЫЯ РЭЧЫВЫ


Любоў Лунёва, Менск

Пасьля тэлефоннага паведамленьня пра бомбу ў штаб-кватэру БНФ накіравалі групу сапёраў падразьдзелу “Алмаз” і сьледчых. Адказны сакратар Управы Фронту Аляксей Кавалец прысутнічаў падчас гэтай апэрацыі.

(Кавалец: ) “Яны зьвярнулі ўвагу на тое, што ім патэлефанаваў, як яны кажуць “ліцо каўкаскай нацыянальнасьці”. Адчынілі памяшканьні, якія былі зачыненыя на ключы. Прайшліся па ўсіх пакоях, усё прагледзелі. Толькі ў адным пакоі, дзе ў нас абласная арганізацыя, адзін шараговы затрымаўся зь нейкім прыборам. Праверылі, сказалі, што нічога не заўважылі. Сфатаграфавалі ўваходнае памяшканьне, дзьверы з абодвух бакоў. Склалі схему. Потым склалі пратаколы і сышлі”.

Сьледчы Дзяніс Каліноўскі паведаміў Радыё Свабода, што ўзбуджаная крымінальная справа й міліцыянты будуць шукаць тэлефоннага хулігана.

(Каліноўскі: ) “Справа распачатая паводле 340 артыкула Крымінальнага кодэксу — сьвядома непраўдзівае паведамленьне пра небясьпеку. За гэта прадугледжанае пакараньне штрафам, альбо абмежаваньнем волі, альбо пазбаўленьнем волі ад двух да пяці гадоў. Тэлефанаваў невядомы з тэлефона-аўтамата. Цяпер мы будзем яго шукаць. На месца выяжджалі спэцыялісты “Алмазу” і, натуральна, нічога не знайшлі”.

Некалькі гадоў таму, калі напярэдадні буйных вулічных акцыяў у штаб-кватэры БНФ зьяўляліся міліцыянты, то звычайна яны казалі, што ім трэба шукаць бомбу. Але не было распачата ніводнай крымінальнай справы. Сёньня ўпершыню супрацоўнікі міліцыі насамрэч шукалі выбуховыя рэчывы і нават распачалі крымінальную справу. Кіраўніцтва Фронту мае тры асноўныя вэрсіі сёньняшняга інцыдэнту. Гаворыць Аляксей Кавалец:

(Кавалец: ) “Кіраўніцтва мае тры вэрсіі наконт “замініраваньня” нашага офісу. Першая, гэта можа быць хуліганства. Другая, гэта зьвязана з выбарчым працэсам. Бо гэта адбылося менавіта ў першы дзень выбарчай кампаніі. Трэцяя, гэта могуць быць нашы канкурэнты, якія не жадаюць, каб у нас арганізацыя выбарчай кампаніі была грунтоўная і моцная”.

Сьледчы Дзяніс Каліноўскі паведаміў, што ўпершыню за апошнія некалькі гадоў у міліцыю паступіў адпаведны званок наконт партыйнага офісу. Звычайна гэтым займаюцца школьнікі.

(Каліноўскі: ) “Звычайна ў міліцыю тэлефануюць непаўнагадовыя. Папросту яны ня хочуць ісьці ў школу на кантрольную. І кажуць, што ў школе бомба. Усе пачынаюць мітусіцца і адмяняюць кантрольную”.

Статыстыка сьведчыць, што ў рукі міліцыі трапляюць далёка ня ўсе “тэлефонныя хуліганы”, але апэратыўныя службы ўжо назапасілі досьвед вышуку такіх злачынцаў.
XS
SM
MD
LG