Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ХЛЕБ І ХЛЕБАБУЛАЧНЫЯ ВЫРАБЫ БОЛЬШ НЯ ЛІЧАЦЦА ТАВАРАМІ ПЕРШАЙ НЕАБХОДНАСЬЦІ


Галіна Абакунчык, Менск

Некаторыя апытаныя мінакі казалі, што ня супраць такога рашэньня ўраду, бо дзяржава ня мусіць кантраляваць цэнаўтварэньне ўвогуле. Але пры ўмове, што ў гэтым выпадку ўлады паклапоцяцца пра сацыяльную абарону грамадзянаў.

(Спадар: ) “Мне здаецца, што так павінна й быць, бо нашая прамысловасьць у цяперашніх умовах ня здольная выпускаць прадукцыю па коштах, якія дыктуе дзяржава. Дзяржава не дае датацыяў, а значыць, ня можа й кантраляваць кошт”.

(Спадарыня: ) “Вытворцы будуць вольныя ўсталёўваць кошты — можа, гэта ня так і дрэнна. Павінная быць нейкая канкурэнцыя нават сярод гэтых тавараў. Але частка прадукцыі павінная абавязкова кантралявацца дзяржавай, бо гэта тавары першай неабходнасьці, безь якіх людзі проста ня змогуць жыць”.

(Спадарыня: ) “Гэта зьвязана зь нейкімі патрэбамі дзяржавы. Але ж дзяржава павінная клапаціцца пра людзей малазабясьпечаных і зважаць на народныя патрэбы”.

(Спадар: ) “Лічу, што гэты крок ураду не накіраваны на абарону беларускага народу. Безумоўна, прадукцыя павінная быць рэнтабэльная. Аднак гэта не азначае, што наш народ павінен жыць у галечы. Неабходна падвышаць пэнсіі й заробкі адпаведным чынам”.

Аднак пераважная бальшыня маіх выпадковых суразмоўцаў заявіла, што дзяржава павінна кантраляваць кошты на тавары першай неабходнасьці. Людзі абураныя, што ўрад больш ня лічыць такімі хлеб і малако.

(Спдарыня: ) “Думаю так, што на хлеб, малако, мяса павінна быць нейкая мяжа. Каб людзі змаглі хоць кавалак хлеба таго купіць”.

(Спадарыня: ) “Нам, пэнсіянэрам, цяжкавата давядзецца. Пасьля вайны ўсё таньнела, а цяпер вайны нямашака, а ўсё даражэе й даражэе. Чаму гэта так атрымліваецца?”

(Спадарыня: ) “Для мяне гэта вельмі важна, бо я лічуся з маладой сям’і, і любое падвышэньне коштаў вельмі адчувальнае для нашага бюджэту”.

(Спадар: ) “Трэба, каб найперш хлеб быў даступны, а пасьля ўсё астатняе. Калі на хлеб падвышаюцца кошты, то падвысяцца й на ўсё астатняе. Калі хлеб не галоўны прадукт, дык гэта ўвогуле безладзьдзе”.

(Спадарыня: ) “Канечне ж, гэта нядобра, калі чалавеку будзе недаступна зьесьці нават хлеба з вадой. Няхай на тую гарэлку падвышаюць, каб так не пілі: сьлёзы на вачах — так танна. А хлеб трэба рабіць так, каб быў найтаньнейшы”.

(Спадарыня: ) “Увогуле становішча вельмі цяжкае. Калі даражэюць усе патрэбы асноўныя, то невядома, як выжыць”.

(Спадар: ) “У нашай краіне вельмі шмат пажылых людзей, якім не хапае грошай на жыцьцё. Таму, я лічу, што выключаць з гэтага сьпісу хлеб ці малако яшчэ рана”.

Сьпіс сацыяльна-значных тавараў і паслугаў з 35 пунктаў быў зацьверджаны ў 1999 годзе. З таго часу гэты пералік скараціўся на 24 і складае 11 найменьняў.

Апошні раз пералік сацыяльна–значных тавараў урад краіны пераглядаў у сьнежні мінулага году й выключыў зь ягонага сьпісу малако, кефір, сьмятану й тварог. Такім чынам, таварамі й паслугамі першай неабходнасьці яшчэ застаюцца бульба й гародніна, мясныя й садавінныя кансэрвы для дзяцей, цукар і яго замяняльнікі для хворых цукровым дыябэтам, паслугі лазьняў і цырульняў, фізкультурна-аздараўленчыя паслугі для дзяцей і рытуальныя паслугі.
XS
SM
MD
LG