Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“БЕЛАГРАПРАМБАНК” ПАДАЎ У СУД НА МІХАІЛА ЧЫГІРА


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Працяг атрымала гісторыя зь мільёнам даляраў, які фігураваў у дзьвюх крымінальных справах супраць экс-прэм’ера Міхаіла Чыгіра, але гэтак і ня быў зь яго спагнаны. “Белаграпрамбанк” узгадаў пра свае незадаволеныя прэтэнзіі й распачынае супраць Міхаіла Чыгіра грамадзянкі працэс. Экс-прэм’ер сваёй віны па-ранейшаму не прызнае і абураецца дзеяньнямі былых калегаў.

(Чыгір: ) “Гэта падзеі 1994 году. Я пералічыў тыя грошы і перайшоў працаваць ва ўрад прэм’ерам, а далейшым мусілі былі займацца людзі, якія там засталіся. А цяпер кажуць, што гэта я вінаваты”.

Нагадаем, мільён даляраў быў пералічаны на рахунак канадзкай фірмы ў якасьці авансавага плацяжу за будаўніцтва новага офісу банку. Паводле дамовы з канадцамі, банк павінен быў пералічыць яшчэ некалькі мільёнаў, патрэбных на закупку абсталяваньня і пачатак будоўлі. Але новае кіраўніцтва банку вырашыла супрацоўніцтва з канадцамі спыніць, пры гэтым нават не спрабавала праз суд вярнуць страчаны мільён.

Пасьля таго, як Міхаіл Чыгір вылучыў сваю кандыдатуру на прэзыдэнта падчас альтэрнатыўных прэзыдэнцкіх выбараў 1999 году, пракуратура згадала пра гэтыя грошы і распачала крымінальную справу. З другой спробы суд усё ж прызнаў Чыгіра вінаватым у службовай нядбайнасьці, але з прычыны даўнасьці ўчынку крымінальны перасьлед давялося спыніць.

Між тым, у грамадзянскім заканадаўстве вядзецца іншы адлік дзейнасьці матэрыяльных прэтэнзіяў — гэта і выкарысталі ў “Белаграпрамбанку”. Цікавая акалічнасьць — пра тое, што ён выклікаецца ў суд, Міхаіл Чыгір даведаўся толькі ўчора, а ўжо ў пятніцу ў Фрунзенскім судзе Менску адбудзецца судовае паседжаньне. Для Міхаіла Чыгіра ягоныя вынікі прадказальныя.

(Чыгір: ) “Што тут казаць? Судоў жа сапраўдных у нас няма. Яны напішуць тое, што ім сказалі зьверху. Я працаваў у банку і меў 30–40 мільёнаў прыбытку ў год. Яны зараз ня ведаюць, як мільён зарабіць і кажуць, што я дрэнна кіраваў”, — казаў былы прэм’ер Міхаіл Чыгір, які пасьля пераходу ў апазыцыю ужо прайшоў праз тры судовыя працэсы.

Міхаіл Чыгір цяпер працуе кансультантам у камэрцыйнай фірме “АДЛ”. Ён кажа, што 3 гады таму, калі пачынаў працу ў фірме, яна займалася больш чым 30 відамі дзейнасьці. Цяпер, з прычыны пагаршэньня ўмоваў для бізнэсу, гэты сьпіс скараціўся амаль удвая, адзначае Міхаіл Чыгір.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG