Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ІРАН ВЫСТУПАЕ ЗА РАЗЗБРАЕНЬНЕ ІРАКУ, АЛЕ ТОЛЬКІ З РЭЗАЛЮЦЫІ ААН


Юры Сьвірко, Менск

Паводле амбасадара Махамада Хашэмі Гальпаегані, Іран выступае супраць любой вайны ў рэгіёне, за мірнае разьвязаньне канфлікту. Ён таксама зазначыў, што Іран дае парады Іраку, каб той пагадзіўся з усімі рашэньнямі ААН, але Іран катэгарычна выступае супраць аднабаковай атакі ЗША на Ірак. У той жа час іранскі амбасадар у Менску заявіў: “Калі вайна пачнецца паводле рэзалюцыі ААН, дык гэта зусім іншая справа”.

Я задаў амбасадару Ірану гэткае пытаньне: вядома, што ягоная краіна таксама ваявала з Іракам пры канцы ХХ стагодзьдзя — ці выкарыстоўваў Ірак тады хімічную ці біялягічную зброю супраць Ірану й ці не пабойваецца Іран зараз, што Садам Хусэйн можа выкарыстаць гэтую альбо ядзерную зброю?

У адказ амбасадар Гальпаегані выказаў афіцыйную пазыцыю Тэгерану, паводле якой амэрыканцы ды іншыя краіны Захаду нібыта ўзброілі рэжым Садама Хусэйна, а зараз сутыкнуліся з праблемай: як яго раззброіць. Іран таксама выступае за гэтае раззбраеньне:

(Гальпаегані: ) “Мы, Іран, за тое, каб Садам Хусэйн раззброіўся й каб увогуле ў нашым рэгіёне зьніклі ўсе ўзбраеньні масавага зьнішчэньня”.

Амбасадар Ірану падкрэсьліў, што гэта трэба рабіць на падставе рашэньняў ААН, і нагадаў, што ягоная краіна мае горкі досьвед ужываньня хімічнае зброі з боку Іраку падчас 8-гадовай вайны ў рэгіёне Халабчэ.

(Гальпаегані: ) “Дагэтуль людзі, якія пацярпелі, лечацца, дагэтуль яны на шпітальных ложках”.

Іранскі амбасадар сказаў таксама, што ягоная краіна дапускае мажлівасьць выкарыстаньня Садамам Хусэйнам — пасьля пачатку вайны — зброі масавага зьнішчэньня.

(Гальпаегані: ) “Мы ведаем, што Садам Хусэйн меў такую зброю. Але ці мае ён гэтыя віды зброі зараз альбо зьнішчыў іх — пра гэта павінны казаць экспэрты ААН, якія там знаходзяцца і расьсьледуюць гэтую справу”.

Іранскі амбасадар у Беларусі таксама заявіў, што спадзяецца на прыезд сёлета ў Менск прэзыдэнта Ірану Махамада Хатамі. Яго запрасіў сюды Аляксандар Лукашэнка, які наведаў Тэгеран у 1997 годзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG