Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АБСЭ НЕ АТРЫМАЛА ЗАПРАШЭНЬНЯ НАЗІРАЦЬ ЗА МЯСЦОВЫМІ ВЫБАРАМІ Ў БЕЛАРУСІ


Валер Каліноўскі, Менск

З Франкфурту Ута Цапф прыбыла адна, бо самалёт швэдзкага дэпутата Урбана Аліна спазьніўся, а брытанец Фрэд Понсанбі меўся прыляцець на некалькі гадзінаў пазьней. Спадарыня Цапф з калегамі сёньня зьбіраецца абмеркаваць сытуацыю ў Беларусі з амбасадарамі краінаў Эўразвязу, ЗША, Расеі, заўтра пачнуцца сустрэчы з уладамі і апазыцыяй.

(Цапф: ) “Я чакаю добрую гутарку з усімі людзьмі, зь якімі я спадзяюся сустрэцца, і маю надзею на добры вынік для будучых адносінаў паміж міжнароднымі арганізацыямі і Беларусьсю”.

Ута Цапф лічыць пазытыўным тое, што дасягнутае пагаденьне пра офіс АБСЭ ў Менску і спадзяецца на станоўчую і выніковую працу гэтага офісу. Сама яна хацела бы пачуць заявы ад беларускага ўраду, што ён мае намер выконваць мандат офісу, гэтак жа як АБСЭ. Паводле Уты Цапф, урады 14 кріанаў Эўразьвязу чакаюць пачатку працы новага офісу АБСЭ ў Менску, і калі яна будзе адпавядаць стандартам, то візавыя абмежаваньні супраць беларускага кіраўніцтва могуць быць зьнятыя. Аднак адносна ўнутранай сытуацыі ў Беларусі такіх станоўчых ацэнак няма.

(Цапф: ) “Я сапраўды не магу сказаць, ці былі нейкія пазытыўныя крокі адносна рэчаў, якімі мы заўсёды цікавімся, у прыватнасьці, адносна паўнамоцтваў парлямэнту і праблемы омбудзмэна. Застаецца пытаньне, як пройдуць мясцовыя выбары. Такім чынам, я мяркую, многае залежыць ад таго, што мы даведаемся тут цяпер”.

Самая актуальная праблема, якую спадарыня Цапф спадзяецца абмеркаваць зь беларускімі ўладамі — чаму ад іх на адрас Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ і Бюро ў справах дэмакратыі й правоў чалавека дагэтуль няма запрашэньня назіраць за сакавіцкімі мясцовымі выбарамі ў Беларусі.

Спадарыня Цапф зазначае, што застаецца мала часу, каб адмыслоўцы з АБСЭ змаглі падрыхтавацца і адсачыць выбарчы працэс. Запрашэньне не прыйшло нягледзячы на тое, што раней спадарыня Цапф ужо абмяркоўвала гэтую тэму зь беларускімі ўладамі.

Ута Цапф з калегамі падрыхтуе паводле вынікаў свайго візыту справаздачу, якая будзе абмеркаваная ПА АБСЭ ў канцы лютага ў Вене.
XS
SM
MD
LG