Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЗЯРЖСАКРАТАР ЗША І ДЫРЭКТАР ЦРУ ВЫСТУПЯЦЬ ПЕРАД РАДАЙ БЯСЬПЕКІ ААН


Алеся Сёмуха, Вашынгтон

Дарэчы, Колін Паўэл будзе выступаць разам з дырэктарам СІА Джорджам Тэнэтам, што мусіць падкрэсьліць даставернасьць і якасьць інфармацыі. Аднак напярэдадні ў газэтных інтэрвію сам Колін Паўэл сказаў, што ня варта чакаць нейкіх неабвержных фактаў таго, што Ірак распрацоўвае праграму ядзернага ўзбраеньня. Некаторыя сродкі масавай інфармацыі пішуць, што падчас дакладу будуць прадстаўленыя перахопленыя тэлефонныя камунікацыі з Іраку, у якіх быццам бы ірацкія ўрадоўцы гавораць пра перахаваньне матэрыялаў перад прыездам інспэктараў і трэніроўку навукоўцаў, як пазьбягаць пытаньняў зададзеных інспэктарамі. Сатэлітныя здымкі быццам павінны будуць прадэманстраваць перамяшчэньне зброі ўнутры Ірака і забароненыя пастаўкі ў Ірак з замежных краін. Таксама чакаецца, што будуць прадэманстраваныя перасячэньні Ірака з рознымі тэрарыстычнымі групамі.

Тым часам стаўленьне грамадзтва ЗША да ваенных дзеяньняў па-ранейшаму застаецца неадназначным. Многія ўжо на працягу доўгага часу чакаюць на пераканаўчыя факты пагрозы з боку Ірака. У той жа ж час мала хто сумняецца, што Ірак сапраўды хавае зброю ці кампанэнты зброі масавага зьнішчэньня. Ніхто ня мае ілюзій пра Садама. Разнагалосьсі хутчэй у сфэры як і з кім супроць яго змагацца. Хачу прывесьці вельмі паказальнае апошняе апытаньне праведзенае Інстытутам Гарыса. На думку 57% апытаных, Джордж Буш хутчэй бы атакаваў Ірак, чым раззброіў Садама праз дыпляматычныя крокі. Людзі ня вераць, што прэзыдэнт ЗША шукае мірных спосабаў разьвязаньня канфлікту. У той жа час бальшыня амэрыканцаў (61%) лічыць, што раззброіць Садама без ужываньня сілы немагчыма. Аднак, рабіць гэта ЗША мусяць толькі з санкцыяй ААН. Таму сёньняшні даклад Коліна Паўэла можа быць досыць вызначальны. Калі ЗША не дамогуцца падтрымкі Рады Бясьпекі, дык ім давядзецца сутыкнуцца з грамадзкай апазыцыяй ваенным дзеяньням унутры краіны.

Папярэднія войны паказалі, што грамадзкая думка ў ЗША мае досыць рэальны ўплыў на палітыку. Аднак, шмат што залежыць ад такіх фактараў, як працягласьць вайны, разуменьне прычын і мэтаў і чалавечыя ахвяры. Амэрыканская мэнтальнасьць працуе досыць рацыянальна. Калі нешта ня мае сэнсу і відавочнага канцу, а таксама каштуе зашмат і ў чалавечым, і ў матарэяльным вымярэньнях, як Віетнамская вайна, дык амэрыканцы хутчэй за ўсё выступяць супроць гэтага. Але ў той жа час рэальнае адчуваньне небясьпекі ці доўгу, як у Афганістане, мабілізуе неверагодны патрыятызм і нацыяналізм. Я думаю, што імпульсіўная агрэсыя – гэта не амэрыканскі стыль. Рацыянальнае звычайна бярэ верх. Так што, я думаю, прэзыдэнту давядзецца або гуляць рацыянальную карту і дамаўляцца з ААН, або карту рэальнай пагрозы.

За апошнія 2 гады замежныя прыярытэты ЗША сталі больш прагматычныя. Відавочна, што ў фокусе зьнешняй палітыкі і замежнай дапамогі – Блізкі Ўсход, Сярэдняя Азія і Лацінская Амэрыка. Паводле толькі што прапанаванага на разгляд Кангрэсу бюджэту на наступны год, вялізныя сродкі выдзяляюцца на ўзмацненьне бясьпекі амэрыканскіх дыпляматычных і вайсковых прадстаўніцтваў за мяжой. Увогуле, на праграмы бясьпекі тым краінам, якія далучыліся да ЗША ў змаганьні з тэрарызмам, выдзяляецца амаль 5 мільярдаў даляраў. Пры гэтым прамая дапамога Беларусі зьмяншаецца на амаль 15% і будзе роўная $8 мільёнам даляраў.

Для параўнаньня, Малдова атрымае ў 3 разы болей сродкаў за Беларусь, а Ўкраіна – у амаль 12 разоў болей – $94 мільёны даляраў, хоць сума дапамогі зьменшылася і для гэтых краін. Дапамога Беларусі (калі ня лічыць Туркменістан) будзе самая малая ў параўнаньні з усімі незалежнамі краінамі былога Савецкага Саюзу. Зазначу таксама, што дагэтуль Кангрэс ня прыняў Акт аб Дэмакратыі ў Беларусі – гэта законапраект, які прадугледжвае дапамогу недзяржаўным і апазыцыйным арганізацыям у Беларусі і ізаляцыю беларускага рэжыму Лукашэнкі. Так што, калі меркаваць па канкрэтных кроках, беларуская праблематыка як бы страціла ранейшую актуальнасьць на фоне глябальнага змаганьня з тэрарызмам.
XS
SM
MD
LG