Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКА-ПОЛЬСКАЯ ЭЛЕКТРАСТАНЦЫЯ – ПУДЗІЛА ДЛЯ РАСЕІ?


Аляксей Дзiкавiцкi, Варшава

Паводле інфармацыі беларускага ўраду, кошт пабудовы электрастанцыі магутнасьцю 660 мэгават будзе складаць каля мільярда даляраў. Цяпер паўстае беларуска-польская працоўная камісія, якая да канца бягучага году павінна распрацаваць тэхнічныя і эканамічныя дэталі прапанаванага Менскам праекту.

“Будова электрастанцыі ў Беларусі, якая б выкарыстоўвала польскі вугаль, адпавядае энэргетычнай палітыцы і інтарэсам Польшчы”, – паведаміў Радыё Свабода галоўны спэцыяліст упраўленьня энэргетыкі Міністэрства гаспадаркі гэтай краіны Вальдэмар Лагода.

З гэтым цяжка не пагадзіцца. Вугальная прамысловасьць Польшчы вырабляе вугля больш, чым у стане прадаць, таму зьяўленьне буйнога спажыўца гэтага паліва на ўсходзе вельмі дарэчнае.

Аднак мільярд даляраў – гэта вялікія грошы. Можа, занадта вялікія, каб Беларусь магла знайсьці іх самастойна. Вальдэмар Лагода кажа, што некаторыя польскія фірмы зацікаўленыя ва ўкладаньні грошай у гэты праект, але ўсё залежыць ад канкрэтных умоваў інвэставаньня, якія прапануе беларускі бок.

Паводле навуковага супрацоўніка ў справах міжнародных эканамічных дачыненьняў кафэдры эканомікі Варшаўскага ўнівэрсітэту, аглядальніка часопісу “Wprost” Янкі Чурыловіча, польскія інвэстары наўрад ці адважацца ўкладаць грошы ў такі праект.

(Чурыловіч: ) “Хто дасьць гарантыі, што гэты мільярд даляраў, які палякі, магчыма, са сваімі заходнімі партнэрамі, інвэстуюць у будоўлю, вернецца? Цяпер нават расейскія фірмы баяцца ўкаладаць грошы ў Беларусі, бо баяцца іх згубіць, памятаючы прыклад “Балтыкі”. Па-другое, няма гарантыі, што Беларусь будзе купляць менавіта польскі вугаль, а не ўкраінскі, які таньнейшы ад польскага”.

Напярэдадні некаторыя польскія газэты адзначалі таксама, што афіцыйны Менск можа выкарыстаць ідэю пабудовы электрастанцыі, якая б працавала на польскім паліве, выключна ў мэтах прапаганды, як пудзіла для Расеі. Вось што думае на гэты конт Янка Чурыловіч:

(Чурыловіч: ) “Гэта можа быць выкарыстанае Менскам як пудзіла, але ня думаю, што Масква вельмі напужаецца. Там хучэй будуць сьмяяцца. Напэўна, Лукашэнка папросту ня мог прыдумаць нічога лепшага. Ніякія сур’ёзныя інвэстары зь ім размаўляць ня будуць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG