Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАБОЧЫЯ ВІЦЕБСКАГА ВЫТВОРЧАГА АБ’ЯДНАНЬНЯ “ВІЦЯЗЬ” УСХВАЛЯВАНЫЯ МАЖЛІВАСЬЦЮ ЧАРГОВЫХ СКАРАЧЭНЬНЯЎ


Браніслава Станкевіч, Віцебск

У шэрагу іншых працаўнікоў тэлезаводу гэты 45-гадовы інжынэр атрымаў паведамленьне пра скарачэньне 18 сьнежня. Паводле ўспамінаў супрацоўнікаў, ён працаваў на “Віцязі” амаль з самага дня ягонага заснаваньня, і да апошняга дня шукаў новае працы. А 29 студзеня вырашыў зьвесьці рахункі з жыцьцём. Тры дні сваякі лічылі яго зьніклым, бо самагубства было ўчынена проста на прадпрыемстве, у падсобным памяшканьні архіву…

Як адразу зазначыў выкліканы на месца здарэньня сьледчы, крымінальнае справы з гэтае нагоды ўзбуджана ня будзе, бо прыкметаў гвалтоўнае сьмерці няма. Аднак працаўнікі заводу лічаць, што ў дадзеным выпадку злачынства ўсё ж мела месца, і гэта ня што іншае, як давядзеньне да самагубства з боку адміністрацыі.

Віцебскі тэлезавод, да слова, ёсьць першым пастачальнікам кадраў на тутэйшую біржу беспрацоўных: штогод тут скарачаюць да тысячы адмыслоўцаў, і мала хто зь іх потым можа знайсьці працу паводле сваёй адукацыі. Што да выпадку самагубства вядучага інжынэра, то адміністрацыя ды прафкам нават не палічылі патрэбным вывесіць на прахадной нэкралёг, як заўсёды рабілася дагэтуль па сьмерці працаўнікоў. Гэткае жаданьне схаваць факт самагубства яшчэ болей абурыла рабочых. І сёньня, калі на тэлезаводзе неўзабаве чакаюць новых скарачэньняў, тут назіраецца досыць небясьпечная тэндэнцыя: ужо дзясяткі працаўнікоў уголас кажуць, што скончаць жыцьцё самагубствам проста на сваіх працоўных месцах, калі адміністрацыя іх скароціць.
XS
SM
MD
LG