Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЦІ ЗНОЙДУЦЬ РАБАЎНІКОЎ РАДЗІМА ГАРЭЦКАГА?


Любоў Лунёва, Менск

Акадэмік Радзім Гарэцкі выпісаўся са шпіталя і папраўляе сваё здароўе дома. Ён скардзіцца на галаўны боль і агульную кволасьць. Увечары 17 студзеня на спадара Гарэцкага напалі невядомыя хуліганы. Рабаўнікі зьбілі акадэміка, забралі грошы, дакумэнты і партфель з кнігамі й рукапісамі. У шпіталі канстатавалі чэрапна-мазгавую траўму, пералом носу і крывападцёкі ад удараў на руках і сьпіне. Ва ўпраўленьня сьледчага камітэту МУС Савецкага раёна распачалі крымінальную справу, але пакуль няма ніякіх станоўчых вынікаў.

Сьледчая Натальля Бафтрук, якая займаецца гэтай справай, паведаміла Радыё Свабода, што ў Савецкім раёне справа Радзіма Гарэцкага не адзіная і, на жаль, тыповая.

(Бафтрук: ) “На жаль, злачынства такога кшталту не адзінае ў Савецкім раёне. Разбойныя напады пэрыядычна адбываюцца ў горадзе. Адметнай рысай такіх злачынстваў ёсьць тое, што іх зьдзяйсьняюць у асноўным супраць людзей сталага веку, у цёмную пару сутак і, галоўнае, нечакана. Пацярпелыя не могуць даць прыкметы злачынцаў. У дадзеным выпадку вядуцца ўсе неабходныя вышуковыя мерапрыемствы, аналізуецца злачынства і адпрацоўваюцца ўсе вэрсіі. Пакуль нічога нельга казаць пра нейкіх канкрэтных асобаў. Мы праводзім праверку тых асобаў, каго раней пакаралі за аналягічнае злачынства, а таксама тых, хто вядзе антыграмадзкі лад жыцьця. Матывы нападу на Гарэцкага пакуль невядомыя. Магчыма, злачынства зьдзейсьнілі выпадковыя людзі, якія ня мелі матываў. Сьцьвярджаць нешта дакладна пакуль цяжка”.

Радзім Гарэцкі не спадзяецца на станоўчыя вынікі сьледзтва і лічыць, што злачынцаў ніколі ня знойдуць.

(Гарэцкі: ) “Па-першае, ну, як знайсьці? Вельмі цяжка. У нас шмат выпадкаў, калі наагул забіваюць людзей, і нікога не знаходзяць. А тут скажуць: “Ну, падумаеш, нейкая дробная справа! Што тут шукаць?” Праўда, кажуць, што далі ім загад зьверху знайсьці злачынцаў. Але ў мяне слабыя спадзяваньні. Можа, толькі, калі неяк выпадкова… Вельмі лоўка зрабілі. Нават я нічога не заўважыў. Дык хто ж тады заўважыў? Думаю – не”.

Летась Савецкі раён Менску, які раней лічыўся самым бясьпечным, паводле статыстыкі заняў першае месца што да разбойных нападаў на людзей. Больш за ўсё нападаў адбылося менавіта каля дома, у якім жыве сям’я Радзіма Гарэцкага.
XS
SM
MD
LG