Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

СЯРОД КАНДЫДАТАЎ АД ПАРТЫЯЎ НАЙБОЛЬШ ЛІБЭРАЛ-ДЭМАКРАТАЎ


Уладзімер Глод, Менск

Афіцыйна вынікі рэгістрацыі абяцаюць паведаміць 5 лютага на прэсавай канфэрэнцыі старшыні Цэнтрвыбаркаму Лідзіі Ярмошынай. Але напярэдадні стала вядома, што найбольшае прадстаўніцтва ад партыяў маюць лібэральныя дэмакраты. На першае месца іх вывела своеасаблівая тактыка – вылучацца паўсюдна і як мага больш. І хаця пры гэтым ЛДПБ несла значныя страты – у Менску, напрыклад, з 55 кандыдатаў зарэгістравана толькі 20 – паводле колькасьці зарэгістраваных па ўсёй Беларусі гэтая партыя лідыруе – больш за 400 кандыдатаў. ПКБ мае каля 150, Народная грамада, АГП і БНФ – больш чым па сто кандыдатаў.

Калі ж параўноўваць колькасьць вылучаных і зарэгістраваных прэтэндэнтаў на дэпутацкія мандаты, дык тут лепш за іншых спрацавалі камуністы-калякінцы і Народная грамада. Нядрэнныя вынікі ў АГП і БНФ.

Пры гэтым канкрэтныя лічбы час ад часу зьмяняюцца. Адбываецца гэта, калі абласныя і Менская гарадзкая выбарчыя камісіі адмяняюць рашэньні акруговых камісіяў і рэгіструюць кандыдатамі тых, каму раней адмовілі ў працягу выбарчай гонкі. Такое, хаця і нячаста, але ж здараецца. Пашчасьціла, напрыклад, намесьніцы старшыні Народнай грамады гісторыку Ніне Стужынскай і сябру партыі БНФ Сяргей Мудрачэнку.

А тыя, каму адмовілі, падаюць неабходныя дакумэнты ў суды. Менавіта тут, згодна з Выбарчым кодэксам, можна яшчэ аспрэчыць адмоўныя рашэньні выбарчых камісіяў. Гаворыць старшыня партыі БНФ Вінцук Вячорка.

(Вячорка : ) “Ужо цяпер нашыя людзі пачынаюць падаваць скаргі ў суд, а там, дзе гэта адпавядае зьместу падзеі, і ў пракуратуру. Некаторыя справы, зьвязаныя са зьняцьцём нашых кандыдатаў, сьмела можна разглядаць як патэнцыйна крымінальныя”.

Некалькі вылучэнцаў ад Народнай грамады таксама падалі скаргі ў суды. 4 лютага гэтая партыя заявіла пра сваю выбарчую праграму. Гаворыць старшыня БСДП (Народная грамада) Мікола Статкевіч:

(Статкевіч : ) “Сёньня мы аналізавалі выбарчую сытуацыю ў Беларусі. Адбылося паседжаньне выканаўчага бюро. І мы зацьвердзілі тэзісы праграмы партыі, якая носіць сацыяльную ськіраванасьць”.
XS
SM
MD
LG