Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛУКАШЭНКА ПАДТРЫМАЎ ІРАК І ПАЛЕСТЫНУ


Валер Каліноўскі, Менск

У Менску пачаў працу новы ірацкі амбасадар Салман Зэйдан. Вітаючы яго, Аляксандар Лукашэнка заявіў аб сваёй падтрымцы Іраку “у ягонай барацьбе за стабілізацыю сітуацыі”, высока ацаніўшы настойлівасьць і рашучасьць ірацкіх уладаў. Адначасова з новымі ірацкім і іспанскім амбасадарамі Аляксандар Лукашэнка прыняў і першага амбасадара Палестынскай аўтаноміі ў Беларусі. Фуад Абу Зэйд уручыў даверчыя граматы, падпісаныя Ясірам Арафатам. Аляксандар Лукашэнка з гэтай нагоды зазначыў, што “пазыцыя Беларусі ў адносінах да Палестыны заўсёды была сумленнай, прынцыповай і справядлівай” і выказаў пажаданьне “каб палестынскі і суседнія яму народы жылі ў міры і спакоі”.

Аляксандар Лукашэнка не назваў канкрэтна “іншыя народы”, хаця несумненна меў на ўвазе ізраільцян. У МЗС Беларусі сьцьвярджаюць, што супрацоўніцтва з Палестынай адпаведна з рэзалюцыямі ААН не пярэчыць сувязям зь Дзяржавай Ізраіль, што падобная амбасада ўжо дзейнічае ў Расеі. Гаворыць афіцыйны прадстаўнік МЗС Беларусі Андрэй Савіных:

(Савіных: ) “Адкрыцьцё такога прадстаўніцтва не супярэчыць нашым адносінам з Ізраілем, якія дастаткова актыўныя. У Ізраілі жыве вялікая колькасьць выхадцаў зь Беларусі. Мы маем амбасаду ў Ізраілі, якая актыўна ўдзельнічае ў разьвіцьці двухбаковага дыялёгу... Нашая пазыцыя ў тым, што павінны быць знойдзеныя шляхі ўрэгуляваньня блізкаўсходняга канфлікту, і ў рамках яго павінна быць знойдзенае месца для стварэньня Палестынскай дзяржавы”.

Ён таксама паведаміў, што консульскімі справамі новая амбасада займацца ня будзе, візы па-ранейшаму будуць выдаваць ізраільскія ўлады. Задача амбасады Палестыны на гэты момант – выключна разьвіцьцё двухбаковых гандлёва-эканамічных і культурных дачыненьняў.

Адкрыцьцё палестынскай амбасады ў Беларусі выклікала неадназначную рэакцыю. Прадстаўнікі габрэйскіх арганізацыяў Беларусі лічаць гэты крок беларускіх уладаў пасьпешлівым і неабачлівым. Гаворыць адзін з лідэраў габрэйскай абшчыны ў Менску Якаў Басін:

(Басін: ) “У нашым асяродзьдзі, лідэраў габрэйскага руху, мы, канечне, ставімся да гэтага адмоўна. Па-першае, з чыста прававога пункту гледжаньня, паколькі гавораць аб амбасадзе неіснуючай дзяржавы. З другога боку, у цяперашні напружаны момант араба-ізраільскага канфлікту, калі толькі летась габрэі страцілі каля 700 чалавек ахвярамі тэрарыстычных актаў і калі там усё напружана, крываточыць, такі крок беларускіх уладаў – гэта адкрыты выклік грамадзкай думцы і выказваньне сваёй пазыцыі ў гэтым канфлікце. У той дзень, калі ўвесь сьвет змагаецца зь міжнародным тэрарызмам, аказваць ушанаваньні рэжыму, які прызнаны ў сьвеце як тэрарыстычны, мне падаецца, што гэта вельмі некарэктна”.

Якаў Басін зазначае, што нейкіх заяваў ці зваротаў габрэйскія суполкі з гэтай нагоды не прынялі, бо падрыхтоўка да адкрыцьця палестынскай амбасады ў Менску была прыхаванай, пра гэта ім стала вядома толькі надоечы.
XS
SM
MD
LG