Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ ПРАЦЯГВАЕЦЦА СЁНЬНЯ ХРЫСЬЦІЯНСКАЯ ТРАДЫЦЫЯ ЦУДАДЗЕЙНЫХ АЗДАРАЎЛЕНЬНЯЎ?


Сяргей Абламейка, Прага

Сучасны сьвет вельмі хутка мяняецца. Жыцьцё робіцца больш імклівым і неспакойным, больш складанаю стаецца тэхніка і тэхналёгія, больш насычанымі сыстэмы навучаньня. Нагрузкі цывілізацыі спараджаюць новыя формы старых хваробаў і хваробы новыя. На гэтым тле, прынамсі ў разьвітых краінах, усё больш увагі надаецца здароўю і здароваму ладу жыцьця. Газэты і часопісы спрэс друкуюць артыкулы пра новыя дыеты, новыя вітаміны і новыя спосабы лячэньня. Пры гэтым часьцей за ўсё забываюцца на духоўны аспэкт здароўя. Вось пра гэта і пойдзе гаворка ў сёньняшнім Сымбалі Веры, а дакладней пра выпадкі ірацыянальнага або цудадзейнага аздараўленьня вернікаў.

Сцэнамі цудадзейных аздараўленьняў перапоўненыя старонкі Новага Запавету. Ісус Хрыстос аздараўліваў сьляпых і параліжаваных ад нараджэньня, пракажоных – гэта значыць, самых безнадзейных хворых. Як кажа аб гэтым, напрыклад, Эвангельле паводле Мацьвея: “... і прыводзілі да Яго ўсіх нямоглых, апантаных рознымі хваробамі і прыпадкамі, і беснаватых, і лунатыкаў, і расслабленых, і Ён ацаляў іх” (Мц. 4:24). Пасьля ўзьнясеньня Хрыста тое самае рабілі і Апосталы. Сіла Апостала Пятра, напрыклад, была нагэтулькі вялікаю, што, як гаворыцца ў Дзяяньнях апосталаў, у Ерузаліме людзі клалі ўздоўж вуліц хворых, каб на іх мог упасьці хаця б цень праходзячага Пятра і аздаравіць іх. І людзі ацаляліся.

У сёньняшніх хрысьціянскіх цэрквах практыка аздараўленьняў таксама вядомая. І праваслаўныя, і католікі маюць адмысловыя малітвы за хворых, служаць спэцыяльныя службы за здароўе. Існуе традыцыя аздараўленьняў ля цудадзейных абразоў, ля мошчаў сьвятых і ў мясьцінах зьяўленьня Багародзіцы. Дзеля гэтага спэцыяльна арганізуюцца паломніцтвы ў такія сьвятыя мясьціны.

Гады тры таму ў Сымбалі Веры ўжо была гаворка пра выпадкі цудоўных аздараўленьняў у Беларусі. Тады мы прыводзілі прыклады беларускага грэка-каталіцкага сьвятара айца Пахома Кавалёва, які ў 1991 годзе ў львоўскім манастыры перамог рак, і вядомага опэрнага сьпевака Віктара Скарабагатава, якому падчас цяжэйшай хваробы зьявіўся, як ён лічыць, Хрыстос і параіў хрысьціцца. Адразу пасьля хросту ад добрых людзей зьявіліся лекі, якіх не маглі дастаць не адзін месяц.

Наш карэспандэнт Альгерд Невяроўскі зьвярнуўся да супрацоўніцы праваслаўнага брацтва Трох Віленскіх мучанікаў Тацяны Матрунчык і папрасіў яе прывесьці найноўшыя прыклады ў іх парафіі.

(Матрунчык: ) “У нас бывае штогадовае паломніцтва ў Вільню да мошчаў Віленскіх мучанікаў. І вось адна нашая прыхажанка, вельмі простая і душэўная жанчына, у яе катаракта пачыналася на воку. І вось яна езьдзіла, прыкладалася, нават не прасіла ацаленьня, а сказала: “Божанька, Твая воля на мне. Прыкладаюся зь вераю да мошчаў Віленскіх мучанікаў”. І як прыехала ў Менск, у яе прайшла катаркта, гэтая плёначка, і вока праясьнілася. Гэта было год таму. Пра такія выпадкі можна больш даведацца, калі зьвярнуцца ў Полацак, дзе мошчы Сьвятой Эўфрасіньні Полацкай знаходзяцца. Таксама людзі атрымліваюць ацаленьне ад мошчаў Іаана Кармянскага. Гэтыя мошчы і цудадзейныя іконы нам і даюцца якраз для таго, каб мы больш адчувалі рэальную Божую дапамогу. Ясна, яна і так даецца па малітвах людзей. Але людзям заўсёды патрэбныя нейкія пацьверджаньні. Вось гэта і ёсьць такія пацьверджаньні”.

(Невяроўскі: ) “Як, на Вашую думку, павінен паводзіць сябе праваслаўны вернік, які просіць заступніцтва сьвятых ці Божай Маці ў справе аздараўленьня. Ці мусіць ён пасьціцца? Як ён мае рыхтавацца да такога чыну?”

(Матрунчык: ) “Гэта вельмі асабістая справа. Тут цяжка даваць нейкія рэкамэндацыі. Кожны для сябе лепш сам адчувае. Каму пастом, каму моцнай малітвай. А часам чытаеш жыцьцяпісы сьвятых і знаходзіш там такія радкі, што ад нейкай немачы або спакусы ні пастом, ні малітвай, а толькі зьмірэньнем можна пазбавіцца. Ёсьць і такія рэкамэндацыі. Так што галоўнае тут пост, малітва і вялікае зьмірэньне”.

З супрацоўніцай праваслаўнага брацтва Трох Віленскіх мучанікаў Тацянай Матрунчык гутарыў Альгерд Невяроўскі.

Мы зьвярнуліся таксама да пробашча менскай грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай нястомнай дапамогі айца Казімера Ляховіча з просьбай расказаць пра выпадкі цудоўных аздараўленьняў ў яго парафіі.

(Ляховіч: ) “Наконт цудаў, дык я адразу магу прывесьці два прыклады са сваёй парафіі. Першы выпадак, гэта калі маладая дзеўчына рыхтавалася стаць маці, і паводле мэдычных паказчыкаў назаўтра ёй было прызначанае кесарава сячэньне. Напярэдадні яна прыйшла да мяне, шчыра малілася на Літургіі, прычасьцілася і папрасіла ў мяне бласлаўленьня на тую апэрацыю. Празь некалькі дзён яна прыходзіць, і я пытаюся, як прайшлі роды і апэрацыя. А яна кажа, што кесарава сячэньне не рабілі. Пасьля малітвы ля абраза Маці Божай нястомнай дапамогі, яна ўначы спакойна нарадзіла дзіця без усялякіх апэрацыяў. Вось гэта першы велькі знак Ласкі Божай, першы цуд.

Другі выпадак у маёй практыцы тут, на парафіі, ля абраза Нястомнай дапамогі, гэта малады хлопец, які паехаў у камандыроўку. Яго там вельмі моцна зьбілі. Ён ляжаў ў рэанімацыі і яму павінны былі рабіць трэпанацыю чэрапа. Маці заказала Літургію і шчыра малілася каля абраза Маці Божай нястомнай дапамогі. Назаўтра тэлефануе мне са сьлязьмі радасьці, што апэрацыі ўжо рабіць ня трэба...

Што да таго, як трэба рыхтавацца да такіх малітваў, дык для верніка трэба мець найперш вялікую ўпэўненасьць і вялікую веру, што Госпад дапаможа, што Ён усемагутны. Калі чалавек хоча папасьціцца перда гэтым, ці зрабіць ахвяру, то гэта добра. Але ўсё ж найважнейшае, гэта любоў да Госпада і вера, што Госпад табе дапаможа”.

Як вынікае са словаў айца Казімера Ляховіча, выпадкі аздараўленьня не такая ўжо і рэдкасьць. Натуральна, што для гэтага асноўнай перадумовай ёсьць шчырая і глыбокая вера. Гэта само сабой зразумела.

Асноўныя мясьціны для праваслаўных у Беларусі, куды яны могуць паехаць і памаліцца аб аздараўленьні, гэта абраз Маці Божай Менскай, які знаходзіцца ў праваслаўнай катэдры ў Менску, абраз Жыровіцкай Маці Божай у манастыры пад Слонімам, мошчы Сьвятой Эўфрасіньні Полацкай у полацкім манастыры, мошчы сьвятога Яна Кармянскага ў Карме, а таксама мошчы Віленскіх мучанікаў у Вільні. Беларускія католікі зьвяртаюцца з такімі просьбамі да абраза Маці Божай Будслаўскай у Будславе, абраза Багародзіцы ў Тракелях у Гарадзенскай вобласьці і да Маці Божай Вастрабрамскай у Вільні. Зрэшты, сёньняшняя канфэсійная прыналежнасьць абразоў ня мае вялікага значэньня. Ясна, што да мошчаў Сьвятой Эўфрасіньні, напрыклад, можа зьвярнуцца з малітвай і неправаслаўны чалавек.

Наагул, можна заўважыць, што ў сучаснай хрысьціянскай традыцыі выпадкі аздараўленьня часьцей за ўсё зьвязваюцца або з абразамі Багародзіцы, або зь месцамі яе зьяўленьня. Шырокавядомыя, напрыклад, зьяўленьні Багародзіцы над адной з праваслаўных цэркваў Александрыі або ў Фанары ў Стамбуле (даўнейшым Канстантынопалі) над сядзібай праваслаўнага патрыярха. Вельмі вядомыя таксама месцы зьяўленьня Багародзіцы ў Эўропе – у Люрдзе ў Францыі, у Фаціме ў Партугаліі і ў Меджугор’і ў Босьніі.
Прычым, напрыклад, у Люрдзе існуе нават спэцыяльны мэдычны і сьвятарскі кантроль за выпадкамі аздараўленьня, і з канца ХІХ стагодзьдзя вядзецця іх жорсткая статыстыка.

У апошні час усё большую вядомасьць ў Эўропе набывае Меджугор’е, дзе з 24 чэрвеня 1981 году кожны(!) дзень шасьцёра харватаў бачаць Багародзіцу. Тады яны былі яшчэ дзецьмі, а зараз ужо даўно сталыя людзі. У працягу вось ужо амаль 22-х гадоў Багародзіца пэрыядычна зьвяртаецца з пасланьнямі да чалавецтва і заклікае да міру, да веры, да навяртаньня, да малітвы і да посту. Чэскія каталіцкія газэты даволі часта паведамляюць пра выпадкі аздараўленьня ў Меджугор’і чэскіх паломнікаў. Мне, напрыклад, запомніўся выпадак жанчыны, якая больш за 25 гадоў не магла самастойна хадзіць і перасоўвалася на мыліцах. Дык вось два гады таму, выправіўшыся ў паломніцтва ў Меджугор’е, свае мыліцы там на гары яна і пакінула. У гэта доўга не маглі паверыць лекары, што беспасьпяхова лячылі яе хворае калена.

А прыцягнуў я ўвагу слухачоў менавіта да Меджугор’я таму, што якраз некалькі дзён таму, а менавіта 25 студзеня сёлета, Багародзіца зьвярнулася да дзяцей сьвету з чарговым пасланьнем. Вось яго поўны тэкст паводле афіцыйнага сайту санктуарыюму ў Меджугор’і:

“Дарагія дзеці! Праз гэты зварот зноў заклікаю вас маліцца за мір. Асабліва зараз, калі мае месца крызыс міру, будзьце людзьмі, якія моляцца і даюць сьведчаньне міру. Дзеткі, будзьце мірам у гэтым неспакойным сьвеце. Дзякуй, што адказалі на маю адозву”.

Гэта быў, паводле афіцыйнага сайту санктуарыюму ў Меджугор’і, поўны тэкст звароту Багародзіцы да дзяцей, зь якім яна зьвярнулася падчас зьяўленьня 25 студзеня сёлета.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG