Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВАСІЛЬ БЫКАЎ ДАЎ ІНТЭРВІЮ ГАЗЭЦЕ “ИЗВЕСТИЯ”


Ул. інф.

У гэтым інтэрвію Быкаў выказаў свой погляд на некаторыя эпізоды найноўшай гісторыі Беларусі і на магчымую пэрспэктыву:

“На выбары 1994 году і Шушкевіч, і Пазьняк ішлі з цудоўнымі ідэямі. Гэта былі ідэі Адраджэньня Беларусі, – сказаў Быкаў. – А Лукашэнка прамаўляў проста, як Ленін у 1917 годзе. Запусьцім прамысловасьць, пасадзім злодзеяў. Электарату патрэбныя не ідэі, яму патрэбныя цёплыя батарэі. Такая палітычная культура народу.

Быць пэсымістам прыстойнаму чалавеку не пасуе. Але што зрабіць – я пэсыміст. Ня бачу нічога сьветлага для Беларусі ў будучыні. Вось Шушкевіч, якога я вельмі паважаю, думае, што калі Расея анэксуе Беларусь, дык на вельмі кароткі час. А я упэўнены, што калі мы страцім у блізкім часе незалежнасьць, дык назаўсёды зьнікнем як дзяржава з мапы сьвету”, – заявіў Васіль Быкаў у інтэрвію газэце “Известия”.

Пісьменьнік не пагадзіўся з прапанаванай журналістам ацэнкай беларуска-расейскай інтэграцыі як аб'яднаньня, настойваючы на фармулёўцы – “паглынаньне”:

“Я даўно назіраю, з другой паловы 90-ых, што Беларусь у шмат якіх адносінах ёсьць палітычнай лябараторыяй Расеі. …Па вялікім рахунку, у выпадку інтэграцыі Расея атрымае магутную ін’екцыю – антыдэмакратычную, дыктатарскую, кагэбісцкую”.

Закрануў Васіль Быкаў і праблемы культуры:

“Цяпер ідзе разгром нацыянальнай культуры, – сказаў Быкаў. – Беларускую мову, і без таго ператвораную ў помесь, у трасянку, улады канчаткова перасталі падтрымліваць і наўпрост сказалі, што яна нам не патрэбная. Сьвята месца пустым не застаецца – роля нацыянальнай культуры загадам перадаецца правінцыйнаму варыянту маскульту, усім гэтым “Славянскім базарам”.

Я чалавек культуры, і мне ўрэшце рэшт напляваць на эканоміку, якая ў імпэрскіх умовах ніколі не разьвіваецца. Ніколі. Але мне шкада культуры. І расейскай. І беларускай, маёй культуры. І мне шкада эўрапейскай культуры, старэнькай, спарахнелай, але ўсё ж выдатнай культуры, якая ня вытрымае націску глябалізацыі. І здасца на міласьць маскульту”.
XS
SM
MD
LG