Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У РАЁНЕ ПЭРСЫДЗКАЙ ЗАТОКI СКАНЦЭНТРАВАНА ЎЖО КАЛЯ 100 ТЫСЯЧАЎ АМЭРЫКАНСКIХ ВАЙСКОЎЦАЎ


Вячаслаў Ракiцкi, Прага

“New York Times” пiша, што Пэнтагон плянуе скiнуць болей як 3000 высокадакладных бомбаў i ракетаў ужо ў першыя 48 гадзiнаў вайны. Мэта– нанесьцi такi магутны ўдар, каб iрацкiя войскi былi спаралiжанавыя або дэмаралiзаваныя. Ужо складзены сьпiс аб’ектаў, якiя будуць у першую чаргу бамбавацца. Гэта – ваенныя штабы, базы, камунiкацыi па ўсёй краiне, урадавыя цэнтры. У першыя 48 гадзiнаў мае быць выкарыстана ў дзесяць разоў болей высокадакладнай зброi, чым у першыя два днi вайны ў Пэрсыдзкай затоцы ў 1991 годзе.

Пэнтагон мае на мэце хутчэй нэўтралiзаваць iрацкае войска, чым зьнiшчыць яго, і тым самым пераканаць вайскоўцаў цi паўстаць супраць Хусэйна, цi здацца амэрыканскiм сiлам. А пасьля вайны яны будуць выкарастаныя як сiлы стабiлiзацыi ў краiне.

Асаблiвае спадзяваньне амэрыканскiх вайскоўцаў на кiраваныя спадарожнiкам бомбы, якiя зьяўляюцца болей дакладнымi, чым з лязэрным кiраваньнем. Амэрыканскiя вайскоўцы пацьвярджаюць iнфармацыю, што ўжо ў раёне Пэрсыдзкай затокi назапашана каля 7 тысячаў такiх бомбаў і яшчэ прыблiзна 3 тысячы зь лязэрным кiраваньнем. Паводле плянаў, якiя сталi вядомымi “New York Times”, паветраная кампанiя перад пачаткам наземных дзеяньняў мае доўжыцца меней за тыдзень, у адрозьненьне ад 39 дзён бамбаваньняў у 1991 годзе.

Гэтым разам паветраныя дзеяньнi будуць амаль адразу суправаджацца наступам наземных войскаў з Кувэйту i Турэччыны. Адначасна невялiкiя спэцпадразьдзяленьнi накiруюцца ў глыбiню Іраку, каб узяць пад кантроль лётнiшчы i нафтавыя радовiшчы. І тут вашынгтонскiя стратэгi спадзяюцца, што ў часе прасоўваньня амэрыканскiх атрадаў iм будуць здавацца тысячы iрацкiх жаўнераў.

Прыгатаваньнi да наземных ваенных дзеяньняў адбываюцца вельмi iнтэнсіўна. Агенцтва Reuters паведамiла ўчора, што ў раёне Пэрсыдзкай затокi ўжо сканцэнтравана каля 100 тысячаў амэрыканскiх вайскоўцаў. Спасылаючыся на канфідэнцыйную iнфармацыю ад амэрыканскiх афiцыйных асобаў, агенцтва паведамляе, што ўжо пры канцы лютага кантынгент амэрыканскiх войскаў дасягне 180 тысячаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG