Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГАСПАДАРЧЫ СУД ВЫРАШЫЎ СПЫНІЦЬ ДЗЕЙНАСЬЦЬ ЗАСНАВАЛЬНІКА “НОВАЙ ГАЗЭТЫ СМАРГОНІ”


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Пазоў супраць спадара Ўлана падаў Смаргонскі райвыканкам. Дзейнасьць прадпрымальніка некалькі разоў правяралі розныя службы. Знайшлі парушэньні, аштрафавалі. Усе штрафы заплачаныя. Але выканкам зьвярнуўся ў суд, каб спадара Ўлана пазбавіць магчымасьці надалей займацца прадпрымальніцтвам.

Сам прадпрымальнік падаў сёньня суду хадайніцтва. Ён даводзіў, што выканкам дапускае адносна яго дыскрымінацыю, паколькі нікога іншага за такія парушэньні не пазбаўляюць прадпрымальніцкай рэгістрацыі. Суд хадайніцтва адхіліў.

(Улан: ) “Выканкам зьяўляецца заснавальнікам раённай дзяржаўнай газэты “Светлы шлях”. Я заснаваў незалежнае выданьне. Мы выходзім з 1996 году. У 1998 годзе мы абагналі ў накладзе раёнку. І дзесьці ў 2000 годзе мы яе абагналі ў накладзе ўжо ў тры разы”.

Рамуальд Улан лічыць, што ўлады вырашылі пазбыцца яго як канкурэнта.

(Улан: ) “Выканкаму вельмі недаспадобы тое, што яны інфармацыйную прастору ў Смаргонскім раёне саступаюць. Я бачу, што яны такім вось чынам спрабуюць зачыніць незалежнае выданьне, прыбраць канкурэнтаў з інфармацыйнай прасторы”.

Лёс незалежнай ”Новай газэты Смаргоні” апынуўся пад пагрозай. Тры тысячы падпісчыкаў могуць страціць улюбёнае выданьне. Сёньняшняе рашэньне гаспадарчага суду можна абскардзіць на працягу дзесяці дзён.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG