Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЧОРА Ў КЫРГЫСТАНЕ АДБЫЎСЯ РЭФЭРЭНДУМ АБ ЗЬМЕНАХ У КАНСТЫТУЦЫЮ КРАІНЫ


Юры Дракахруст, Прага

Прэзыдэнт Аскар Акаеў вельмі высока ацаніў вынікі рэфэрэндуму.

(Акаеў: ) “Кыргыстан – першая краіна ў СНД, якая прыняла стабільную канстытуцыю для эпохі стабільнасьці. Я мяркую, такім чынам мы ўмацуем дэмакратыю ў нашай краіне, створым добрыя ўмовы для абароны правоў чалавека і свабоды народу”.

Пра зьмест зьменаў да канстытуцыі, што былі ўнесеныя праз рэфэрэндум, распавядае дырэктар кыргыскай службы нашага радыё Чынгтык Чаратэгін.

(Чаратэгін: ) “Праз рэфэрэндум Кыргыстан ператварыўся з прэзыдэнцкай у парляманцка-прэзыдэнцкую рэспубліку. Улады лічаць гэта пашырэньнем дэмакратыі. Апазыцыя мяркуе, што цяпер прэзыдэнцкая ўлада толькі ўмацавалася”.

Зараз двухпалатны парлямэнт Кыргыстану ператвараецца ў аднапалатны, зьмяншаецца колькасьць парлямэнтараў. Сп-р Чаратэгін адзначае, што раней 15% дэпутатаў абіраліся паводле партыйных сьпісаў, зараз заканадаўчы орган будзе абірацца цалкам паводле мажарытарнай сыстэмы, што, на думку апазыцыі, зробіць працэс выбараў больш кантраляваным з боку ўладаў.

Таксама ў Канстытуцыю ўнесены адмысловы артыкул пра статус былога прэзыдэнта. Ён ня можа быць прыцягнуты да крымінальнай адказнасьці, архіў экс-прэзыдэнта зьяўляецца ягонай асабістай уласнасьцю. На думку назіральнікаў, рэфэрэндум мусіў стаць дэманстрацыяй народнай падтрымкі і даверу з боку насельніцтва да прэзыдэнта Акаева.

Рэфэрэндум у Кыргыстане адбыўся праз 20 дзён пасьля яго абвяшчэньня, што выклікала крытыку з боку праваабарончых і міжнародных арганізацыяў. Ізноў гаворыць кіраўнік кыргыскай службы нашага радыё Чынгтык Чаратэгін.

(Чаратэгін: ) “Наконт вынікаў плебісцыту ўлады і апазыцыя падаюць розныя дадзеныя. Паводле ўладаў, у галасаваньні ўзялі ўдзел 86% выбаршчыкаў. Паводле дадзеных апазыцыі і няўрадавых арганізацыяў, рэфэрэндум не адбыўся, бо ў ім узялі ўдзел толькі 40% выбаршчыкаў. Яны лічаць, што астатнія галасы – вынік фальсыфікацыі. Зараз даволі цяжка вызначыць, хто зь іх мае рацыю. Міжнародныя арганізацыі, у тым ліку і АБСЭ, не накіравалі сваіх назіральнікаў, бо быў вельмі кароткі тэрмін падрыхтоўкі рэфэрэндуму. Дыпляматы, якія ўсё ж ўдзельнічалі ў назіраньні, былі кропляй у моры”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG