Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЗЯРЖАЎНЫЯ САЦЫЁЛЯГІ ПАКУЛЬ НЯ ВЕДАЮЦЬ, КАЛІ ДЫ ЯКІМ БУДЗЕ МАСАВАЕ АПЫТАНЬНЕ ПРА СТАЎЛЕНЬНЕ ДА ІНТЭГРАЦЫІ З РАСЕЯЙ


Юры Сьвірко, Менск

Дырэктар Інстытуту сацыялёгіі Нацыянальнае Акадэміі навук Георгі Явелькін на пытаньне, дзе менавіта ўзяў Аляксандар Лукашэнка зьвесткі пра рэзкае скарачэньне колькасьці прыхільнікаў інтэграцыі з Расеяй (з 80% адразу да 30%), адказаў гэтак:

(Явелькін: ) “Мне складана сказаць — закрытае дасьледаваньне праводзілі, атрымалі зьвесткі, ён агучыў іх... Нашыя зьвесткі ёсьць, яны недзе блізкія, мабыць. Але ў гэтым выпадку — не, мы не рабілі гэтага дасьледаваньня. Лукашэнка ж мае інстытут адмысловы”.

Спадар Явелькін адмовіўся даць прагноз, якім можа быць масавае апытаньне насельніцтва, што абяцаў правесьці Аляксандар Лукашэнка.

А кіраўнік Цэнтру сацыялягічных дасьледаваньняў адмысловага прэзыдэнцкага інстытуту Міхаіл Хурс ня выключыў, што менавіта ягоная ўстанова і будзе ажыцьцяўляць масавае апытаньне.

(Хурс: ) “Прабачце, гэта ж нашае пытаньне ўвогуле. Могуць да нас зьвяртацца — мы афіцыйная навукова-дасьледчая ўстанова. Але я думаю, што гэтае апытаньне будзе праводзіцца комплексна, з прыцягненьнем іншых сілаў”.

Спадар Хурс не захацеў распавесьці, якімі канкрэтнымі лічбамі валодае ягоны інстытут што да інтэграцыйных настрояў у Беларусі. А на пытаньне, ці ня мае ён зьвестак пра рэзкае падзеньне інтэграцыйных настрояў у беларускім грамадзтве, Міхаіл Хурс адказаў:

(Хурс: ) “У нас — як у студэнта ў тумбачцы. Адчыніш — чаго толькі там няма: каўбасы няма, кефіру няма, батону няма й цукру няма. У нас усё ёсьць увогуле — і тое, і тое. Вы ж ведаеце, што гэтыя інстытуты, якія займаюцца, у іншых краінах называюцца інстытутамі стратэгічных дасьледваньняў”.

Якім жа масавым будзе апытаньне, якое плянуе правесьці Аляксандар Лукашэнка? Спадар Хурс распавёў:

(Хурс: ) “Мы працуем звычайна з выбаркай 1,5 тысячы. Рэпрэзэнтатыўная — 35 пунктаў па рэспубліцы: ва ўсіх абласных цэнтрах, Менск, і гарады й вёскі. Мы працавалі й на 6 тысяч, і на 8. То бок мы правяраем, і я магу вам сказаць, што калі добрасумленна праведзенае апытаньне, дык што паўтары тысячы, дзьве, што дзесяць тысяч — адхіленьне нідзе не перавышае аднае дзясятае долі адсотка”.

Сацыялягічным зьвесткам спадара Хурса з Інстытуту сацыяльна-палітычных дасьледаваньняў пры адміністрацыі прэзыдэнта не давярае намесьнік дырэктара Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў Аляксандар Сасноў:

(Сасноў: ) “Тое, што Лукашэнка можа зрабіць што хоча з вынікамі любога апытаньня, безумоўна. Апытаньне яму патрэбнае толькі для таго, каб спасылацца на тое, што яно было. А вынікі ён будзе рабіць такія, якія яму патрэбныя ў цяперашні момант. Напрыклад, сёньня яму трэба паказаць, што грамадзтва ня вельмі добра ставіцца да ўваходжаньня ў склад Расеі, — ён гэта й пакажа. Калі заўтра спатрэбіцца іншае — ён пакажа іншае. У краіне, дзе ўсё робіцца толькі па камандзе аднаго чалавека, немагчыма нічога сказаць пра дакладныя вынікі такога апытаньня”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG