Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У РАЁНЕ ВЕРХНЯГА ГОРАДУ МЕНСКІЯ ЎЛАДЫ ПЛЯНУЮЦЬ ПАБУДАВАЦЬ ТРЫ ПАРКІНГІ НА 1800 АЎТАМАБІЛЯЎ


Ганна Соусь, Менск

У гістарычнай частцы Менску плянуецца пабудаваць тры паркінгі на 1800 аўтамабіляў. Пра гэта паведаміў на паседжаньні архітэктурнай рады пры Камітэце архітэктуры Менгарвыканкаму галоўны архітэктар гораду Аляксандар Чадовіч. Першы паркінг будзе знаходзіцца побач з кінатэатрам “Перамога”, другі — у раёне вуліцы Інтэрнацыянальнай, Рэвалюцыйнай і Гарадзкога валу, а трэці — на Нямізе, у найбольш старажытнай частцы Верхняга гораду, на месцы старажытнай Халоднай сынагогі.

Больш за паўгоду ў гэтым месцы вядуцца археалягічныя раскопкі, не спыняюцца яны й узімку. Цяпер там усталяваныя некалькі вялікіх намётаў. У іх я сустрэла маладых людзей, якія на чале з археолягамі з Інстытуту гісторыі вядуць раскопкі. Іх дзённы заробак складае каля 10 тысяч рублёў. Усе выдаткі кампэнсуе фірма “Паркінг”, якая, дарэчы, і зьбіраецца будаваць усе паркінгі ў гістарычнай частцы гораду.

18-гадовы Алесь Валодзін працуе на раскопках ад самага пачатку.

(Валодзін: ) “Да паркінгу я стаўлюся вельмі дрэнна. Лічу, што ў цэнтры гораду не павінна быць буйных сучасных будынкаў. Лепш захаваць тое, што ёсьць. А то пазносілі некаторыя жылыя дамы. У эўрапейскіх краінах па цэнтры езьдзяць у асноўным на роварах. Я быў у ніжнім Ноўгарадзе, дык там увогуле ў цэнтры пешая зона”.

Літаральна за некалькі дзясяткаў мэтраў ад месца раскопак узвышаецца будынак інстытуту “Белпрампраект”. Архітэктар гэтага інстытуту Марат Гроднікаў ёсьць адным з аўтарам праекту паркінгу. Ён паказвае мне макет будучай забудовы й тлумачыць:

(Гроднікаў: ) “Я лічу, што самае слушнае рашэньне, якое прыняў цяперашні старшыня камітэту архітэктуры Аляксандар Чадовіч, — каб з тэмай рэгенэрацыі Верхняга гораду спалучыць тэму ня паркінгу, а будаўніцтва сьвецкага архітэктурнага шматфункцыянальнага комплексу, які вырашыць усе задачы. Тут раней была Халодная сынагога. “Бепрампраект” прапанаваў пабудаваць тут пантэон памяці габрэйства і стэлу. Тут павінна быць ня больш за 500–600 машынаў, 300 машынаў — для гандлёвых плошчаў, а 300 мы дарым гораду. Тут будзе ўсё — гандлёвыя, адміністрацыйныя плошчы”.

Аўтарамі праекту таксама зьяўляюцца галоўны архітэктар Менску Аляксандар Чадовіч і Сяргей Багласаў. Варта дадаць, што шматпавярховы комплекс і ўсе блізкія да яго забудовы ў Верхнім горадзе будуць выкананыя ў архітэктурным стылі Траецкага прадмесьця.

Калі будзе зрэалізаваны гэткі варыянт забудовы гістарычнай часткі Верхняга гораду, якая мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці першай катэгорыі, то гэта будзе грубым парушэньнем беларускага й міжнароднага заканадаўства па ахове гісторыка-культурнай спадчыны. Гэтак мяркуе намесьнік старшыні прэзыдыюму менскага Таварыства аховы помнікаў Уладзімер Дзянісаў:

(Дзянісаў: ) “Фактычна гэта будзе 7-павярховая будыніна, якая ператворыць нашу старажытную Нямігу ў вялізарны каньён. Гэты праект выклікаў такое абурэньне грамадзкасьці, і зараз яго вырашылі трошкі прыкрыць — накшталт тэатральнай дэкарацыі, пасадзіўшы на вялізарную бэтонную плятформу двух-трохпавярховыя пасады будынкаў а-ля Траецкае прадмесьце.

Яшчэ адзін паркінг плянуецца пабудаваць за некалькі соцень мэтраў ад паркінгу на Нямізе — у квартале, абмежаваным вуліцамі Інтэрнацыянальнай, Рэвалюцыйнай і Гарадзкім валам, якраз на месцы аднаго з самых старажытных каталіцкіх кляштараў. Яшчэ адзін паркінг плянуецца пабудаваць на месцы яшчэ адной старажытнай каталіцкай сьвятыні — былога касьцёлу і кляштара бэнэдыктынак па вуліцы Інтэрнацыянальнай за кінатэатрам “Перамога”.

Паводле прадстаўніка Таварыства аховы помнікаў Уладзімера Дзянісава, у большасьці эўрапейскіх краінаў транспартныя праблемы ў цэнтры гораду вырашаюцца іншым чынам. Па-першае, не за кошт разбурэньня гістарычнай часткі гораду, а па-другое, шляхам пабудовы не надземных, а падземных паркінгаў.
XS
SM
MD
LG