Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАМЭРЫ СПЭЦПРЫЁМНІКАЎ ПАПОЎНІЛІСЯ НОВЫМІ ПАЛІТВЯЗЬНЯМІ


Любоў Лунёва, Менск

У Горадні мастак Зьміцер Іваноўскі пятыя суткі трымае галадоўку. Яго арыштавалі 28 студзеня за актыўны ўдзел у мітынгу прадпрымальнікаў, на якім было прынятае рашэньне ладзіць страйк. Паводле прысуду, Зьміцер Іваноўскі мусіць правесьці ў спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку 15 сутак.

46-гадовы Зьміцер Іваноўскі адмовіўся ад харчовых перадачаў. Прымаць ежу, якую штодня прыносяць супрацоўнікі спэцпрыёмніка, ён адмаўляецца — ужывае толькі ваду і напоі. У гарадзенскім спэцпрыёмніку ежу прыносяць двойчы на дзень. На сьняданак хлеб з гарбатай, на абед — талерку супу, кашу і кубак гарбаты з хлебам.

У Менску ў адпаведнай сумнавядомай установе на вуліцы Акрэсьціна 10 сутак будуць утрымліваць Вячаслава Сіўчыка. Ён правядзе іх у цеснай, пракуранай камэры за тое, што ў дзень прыезду расейскага прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна даў інтэрвію расейскім журналістам.

Адміністрацыя спэцпрыёмніка адмовілася паведаміць Радыё Свабода, у якой камэры і ў якіх умовах утрымліваюць Вячаслава Сіўчыка. Калі ўлічыць, што на пачатку году менская міліцыя правяла “Апэрацыю БОМЖ” і некалькі рэйдаў дзеля затрыманьня “нелегалаў”, то можна меркаваць, што ў камэрах, дзе ўтрымліваюць адміністрацыйна арыштаваных, стала значна цясьней. Людзі сьпяць на нарах па чарзе. Але й сон не бывае спакойны, бо ў камэрах утрымліваюць алькаголікаў, у якіх начамі бываюць прыступы “белай гарачкі”. Узімку, нягледзячы на халоднае надвор’е, у камэрах пануе задуха.

Лявон Баршчэўскі ведае гэта з уласнага досьведу. Яму слова:

(Баршчэўскі: ) “Спэцпрыёмнік будаваўся на кантынгент адпаведны. Выкарыстоўваць яго дзеля таго, каб садзіць туды прадстаўнікоў інтэлігенцыі — гэта ёсьць спробай прынізіць гэтую самую інтэлігенцыю, пазьдзеквацца зь яе. Канечне, сядзеньне там малапрыемная рэч. Дым каромыслам — усе паляць. Асабліва цяжка там чалавеку, які ня паліць. Узімку, калі шыба за кратамі зачыненая, то няма чым дыхаць. Калі паднятая — вельмі халодна. Гэта вельмі жорсткія ўмовы. Мэта рэжыму, канечне, зламаць чалавека. Самыя лепшыя людзі прайшлі праз гэты спэцпрыёмнік. Інтэлігенцыя можа забыць эканамічны зьдзек зь сябе, але зьдзек з асобы яна ніколі не забудзе”.

Днямі зь Віцебскага спэцпрыёмніка-разьмеркавальніка, дзе ўмовы ўтрыманьня не лепшыя за менскія, выйшаў сябар АГП Хведар Бакуноў. Ён адбыў дзесяцідзённы арышт за актыўны ўдзел у апазыцыйных вулічных акцыях.

Летась цягам году ў камэрах спэцпрыёмнікаў амаль штодня ўтрымліваліся палітвязьні — адных зьмянялі іншыя. Дзясяткі трымалі галадоўку на знак пратэсту, іншыя прымалі ежу ад сваякоў. Новы год таксама пачаўся з сумнай статыстыкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG