Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЛАДЫ БАБРУЙСКУ СПРАБУЮЦЬ ЗАКРЫЦЬ АДЗІНЫ Ў БЕЛАРУСІ МУЗЭЙ АХВЯРАЎ ПАЛІТЫЧНЫХ РЭПРЭСІЯЎ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Днямі ў музэй, які месьціцца у памяшканьні офісу Асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсіяў, прыйшлі чыноўнік Бабруйскага гарвыканкаму і некалькі міліцыянтаў зь мясцовага аддзелу барацьбы з эканамічнай злачыннасьцю. Яны заявілі дырэктарцы Ганьне Бакач, што ў гарвыканкам нібыта паступаюць шматлікія скаргі ад жыхароў дому на тое, што наведнікі музэю перашкаджаюць іхнаму спакою. Міліцыянты заявілі, што музэй закрываецца, і прапанавалі перадаць экспанаты ў гарадзкі краязнаўчы музэй.

Спадарыня Бакач папрасіла паказаць ёй афіцыйную пастанову пра закрыцьцё музэю, якой у тых не было. Міліцыянты з чыноўнікам пайшлі ў суседнюю кватэру некуды тэлефанаваць, а дырэктарка тым часам зачыніла музэй і сышла. Міліцыянты апячаталі памяшканьне, але Ганна Бакач пячаткі сарвала, бо ніхто ёй афіцыйнай пастановы пра закрыцьцё музэю так і не паказаў. Спадарыня Бакач перакананая, што нікому з жыхароў дому музэй не перашкаджае:

(Бакач: ) “Жыхары, якіх я запытала, ад першага да апошняга пад’езду, сказалі, што нашыя людзі сьвятыя, ды ім зусім не перашкаджаюць”.

Дырэктарка лічыць, што скаргі ў бабруйскі гарвыканкам пісалі яе нядобразычліўцы зь ліку былых паплечнікаў. Справа ў тым, што Ганна Бакач ужо 14 гадоў узначальвае Беларускую асацыяцыю ахвяраў палітычных рэпрэсіяў і яе бабруйскае аддзяленьне. У 2001 годзе ў Асацыяцыі адбыўся раскол. Невялікая частка менскай арганізацыі правяла свой сход і абрала на старшыню ўсёй Асацыяцыі Зінаіду Тарасевіч. Адметна, што Міністэрства юстыцыі дагэтуль афіцыйна не прызнала рашэньня таго сходу.

Аднак бабруйскія ўлады, на думку Ганны Бакач, вырашылі скарыстаць раскол арганізацыі у сваіх мэтах. Чыноўнікі не задаволеныя тым, што спадарыня Бакач патрабуе ўсталяваць у горадзе помнік ахвярам палітрэпрэсіяў і адкрыць для дасьледчыкаў архівы КГБ. Ганна Бакач лічыць, што цяпер улады хочуць, каб бабруйскае аддзяленьне ўзначаліла больш ляяльная асоба. Таму і спрабуюць закрыць музэй і забраць памяшканьне.

Ганна Бакач працягвае:

(Бакач: ) “Як толькі зьнішчаць музэй, то ў Беларусі будзе пастаўленая кропка — маўляў, ахвяраў рэпрэсіяў не існуе, і арганізацыя сама сабой распадзецца”.

(Карэспандэнт: ) “А чаму, на вашую думку, уладам так не падабаецца гэты музэй?”

(Бакач: ) “Бо гэта ж нясе праўду пра нашае жыцьцё. Тое, што было можна ўбачыць. Музэй належыць усяму беларускаму народу, нашай гісторыі”.

Дырэктарка музэю гаворыць, што калі ўлады паспрабуюць вывезьці каштоўныя экспанаты, сярод якіх асабістыя рэчы ахвяраў рэпрэсіяў, дакумэнты ды іншае, сябры асацыяцыі — былыя вязьні ГУЛАГу распачнуць галадоўку пратэсту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG