Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У КІЕВЕ ЗЬДЗІЎЛЕНЫЯ ЗАЯВАМІ ЛУКАШЭНКІ


Валер Каліноўскі, Менск

У Кіеве ў Аляксандра Лукашэнкі была зусім непрацяглая трохбаковая сустрэча зь Леанідам Кучмам і Ўладзімерам Пуціным, на якой яны толькі абмяняліся аўтографамі на чатырохмоўным выданьні “Слова аб палку Ігаравым”. Як афіцыйна было заяўлена прадстаўнікамі адміністрацыі ўкраінскага прэзыдэнта, ніякіх палітычных вынікаў гэтая сустрэча ня мела.

Аднак Аляксандар Лукашэнка пасьля яе на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску раптам зрабіў з гэтай сустрэчы выснову, што “тры славянскія народы раней ці пазьней будуць жыць разам, у саюзе ці садружнасьці”, і “калі ўсё атрымаецца і будуць дапрацаваныя пэўныя пытаньні”, то тры прэзыдэнты хутка сустрэнуцца на тэрыторыі Ўкраіны, магчыма, у Карпатах, і ў выніку гэтай сустрэчы зьявіцца публічная заява пра тое, што пачаўся рух кіраўнікоў трох славянскіх дзяржаваў да такога аб’яднаньня.

Прэсавы сакратар Леаніда Кучмы Алена Грамніцкая паведаміла Свабодзе, што ёй нічога не вядома пра магчымую трохбаковую сустрэчу лідэраў Украіны, Беларусі й Расеі. Камэнтаваць жа чарговыя інтэграцыйныя выказваньні А.Лукашэнкі адносна Ўкраіны адмовіліся як у адміністрацыі ўкраінскага прэзыдэнта, гэтак і ў прэсавай службе МЗС Украіны.

Справа ў тым, што і для палітычных колаў Украіны, і для грамадзтва ў цэлым, тэма “саюзу трох славянскіх народаў”, якую эксплюатуе А.Лукашэнка, неактуальная, — лічыць украінскі палітоляг, рэдактар тыднёвіка “Міг” Міхаіл Білэцькі:

(Білэцькі: ) “Нельга сказаць, што гэтая праблема абмяркоўваецца нейкім чынам, усё ідзем сваім парадкам. Украіна дэкляравала сваю гатовасьць і скіраванасьць на інтэграцыю ў эўрапейскія структуры. І было дакладна заяўлена за круглым сталом ў МЗС з удзелам амбасадара Расеі Чарнамырдзіна, што інтэгравацца ў два бакі немагчыма. Так што я ня думаю, што гэтая тэма будзе мець тут палітычную падтрымку. Такім чынам, гэта самадзейнасьць Аляксандра Лукашэнкі”.

Паводле спадара Білэцькага, тэма саюзу Ўкраіны з Расеяй і Беларусьсю ўжо даўно ня ёсьць і нейкім козырам на ўкраінскіх парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх выбарах. Прыкладам таму — лёс прыхільніцы такога саюзу Натальлі Вітрэнкі, дарэчы, блізкай саюзьніцы А.Лукашэнкі, якая прайграла ўсе выбары і нават не патрапіла ў Вярхоўную Раду.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG