Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УКРАІНСКІЯ ЖУРНАЛІСТЫ ПРАЦЯГНУЦЬ РАСЬСЬЛЕДАВАНЬНЕ СЬМЕРЦІ МІХАІЛА КАЛАМІЙЦА Ў КІЕВЕ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Фактаў, якія б сьведчылі пра тое, што сьмерць дырэктара агенцыі “Ўкраінскія навіны” Міхаіла Каламійца не была самагубствам, ня выяўлена. Такую выснову зрабілі ўкраінскія журналісты паводле вынікаў незалежнага расьсьледаваньня, праведзенага ў Беларусі. Сябра Лігі эканамічных журналістаў Украіны Аляксей Кірычэнка, які выконваў ролю прэсавага сакратара групы, што наведвала Беларусь, 3 лютага паведаміў Радыё Свабода:

(Кірычэнка: ) “Мы якраз сёньня рыхтуем прэсавы рэліз паводле нашага расьсьледаваньня ў Беларусі. Сэнс яго такі, што мы не знайшлі ў Беларусі дадзеных пра датычнасьць нейкіх асобаў да сьмерці Міхаіла Каламійца. Фізычна і, здаецца, псыхалягічна на яго ніхто ня ўзьдзейнічаў, гэта не было забойствам”.

Нагадаем, цягам мінулага тыдня пяцёра ўкраінскіх журналістаў праводзілі ў Беларусі незалежнае расьсьледаваньне абставінаў сьмерці Міхаіла Каламійца, бо ва Ўкраіне ёсьць падазрэньні, што журналіста прымусілі пайсьці з жыцьця. У Маладэчне журналісты сустракаліся са сьледчымі мясцовай пракуратуры, супрацоўнікамі мясцовага моргу ды судмэдэкспэртамі, а таксама з чалавекам, які знайшоў цела Каламійца ў лесе. Гэтыя сустрэчы пацьвердзілі ранейшыя высновы беларускіх сьледчых пра самагубства, кажа Аляксей Кірычэнка.

Яшчэ ўкраінскія журналісты спрабавалі адсачыць кантакты свайго калегі ў Беларусі. Але і ў гэтай справе вартых увагі знаходак зроблена не было. У маладэчанскім гатэлі, дзе Каламіец пражыў тры дні напярэдадні сьмерці, паведамілі, што наведнік быў вельмі маўклівы і шчыльна ні з кім не кантактаваў.

Журналісты гэтак і не адказалі для сябе на пытаньне, чаму Міхаіл Каламіец прыяжджаў менавіта ў Беларусь. Таму, кажа Аляксей Кірычэнка, высьвятленьне гэтага пытаньня не спыняецца.

(Кірычэнка: ) “У Кіеве будзем працягваць расьсьледаваньне, размаўляць са сваякамі й знаёмымі Каламійца, каб знайсьці прычыны ці хаця б моманты, якія б маглі яго падштурхнуць да паездкі ў Беларусь”.
XS
SM
MD
LG