Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ПЕРАДВЫБАРЧАЯ АГІТАЦЫЙНАЯ КАМПАНІЯ Ў ВІЦЕБСКУ РАСПАЧАЛАСЯ СА СКАНДАЛУ


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Кандыдаты ад апазыцыйных партыяў, а таксама шэраг незалежных кандыдатаў сабраліся сёньня у Віцебскім гарвыканкаме ля дзьвярэй гарадзкой выбарчай камісіі. Гаворыць настаўніца сярэдняй школы №40 Тацяна Севярынец:

(Севярынец: ) “Я зарэгістраваная кандыдатам у дэпутаты па сонечнай акрузе №7 гораду Віцебску. Сёньня я прыйшла разабрацца, чаму 1 лютага (гэта было ў суботу) мяне не запрасілі на сход дэпутатаў, дзе разьмяркоўвалі час агітацыйных выступаў на радыё. Я такая не адна. Не запрасілі тых, хто ідзе ад апазыцыйных партыяў ды незалежных кандыдатаў. Гэта значыць, што з самага пачатку ад нас хаваюць нейкую інфармацыю…

Таму сёньня я прыйшла засьведчыць факт парушэньня заканадаўства, выказаць сваё незадавальненьне. І калі ўжо гэткім чынам ідзе падрыхтоўка да выбараў, то шанцы ва ўсіх тых кандыдатаў, хто непажаданы цяперашнім уладам — а да такіх я адношу і сябе — вельмі невялікія”.

Замест старшыні выбарчай камісіі Надзеі Трафімавай, якая зьехала ў камандзіроўку, з абуранымі дэпутатамі сустрэўся начальнік аддзелу арганізацыйнай і кадравай работы гарвыканкаму Віктар Парфіновіч. Ён заявіў, што ў камісіі апошнімі днямі было вельмі шмат працы, і таму некаторых дэпутатаў проста не пасьпелі папярэдзіць пра сход ды разьмеркаваньне на ім эфірнага часу або да іх не датэлефанаваліся.

Тое, што пераважная большасьць не папярэджаных ёсьць кандыдатамі ад апазыцыі, ён назваў супадзеньнем. І тут жа зазначыў, што час для выступаў ужо разьмеркаваны незалежна ад чыёйсьці прысутнасьці або адсутнасьці на сходзе. На думку кандыдатаў ад апазыцыі, гэта ёсьць яшчэ адным парушэньнем, бо лепшы ды зручнейшы час для выступаў, як правіла, дастаўся прадстаўнікам уладаў, пра што сёньня ў цэнтальную выбарчую камісію накіраваная адпаведная заява.
XS
SM
MD
LG