Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АГП МОЖА ВЫЛУЧЫЦЬ ПАТЭНЦЫЙНАГА КАНДЫДАТА НА ПРЭЗЫДЭНТА


Аляксей Знаткевіч, Менск

Ганаровы старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Станіслаў Багданкевіч і намесьнік старшыні Васіль Шлындзікаў прапанавалі абмеркаваць на палітычнай радзе партыі ў сакавіку пытаньне пра вылучэньне кандыдата на наступныя прэзыдэнцкія выбары. Гэтыя выбары маюць адбыцца ў 2006 годзе, але лідэры АГП кажуць, што варта ўжо цяпер інфармаваць людзей пра патэнцыйнага кандыдата, ягоную праграму і каманду. Гаворыць спадар Багданкевіч:

(Багданкевіч: ) “Першая прычына — гэта той факт, што партыі, і ў тым ліку Аб’яднаная грамадзянская партыя, ня маюць доступу да сродкаў масавай інфармацыі”.

Ганаровы старшыня АГП кажа, што вылучэньне патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты абавязкова выкліча напады з боку ўладаў, а таксама іншых апазыцыйных сілаў. На ягоную думку, гэта будзе нават пазытыўным фактарам, бо паспрыяе вядомасьці кандыдата. А намесьнік старшыні АГП Васіль Шлындзікаў кажа, што было б добра, каб іншыя палітычныя сілы таксама вылучылі патэнцыйных кандыдатаў на прэзыдэнта. Ён кажа, што пасьля яны могуць дамовіцца, але кожны кандыдат мусіць пачынаць працу цяпер, улічваючы досьвед прэзыдэнцкай кампаніі 2001 году.

(Шлындзікаў: ) “Хай паказвае каманду, паказвае сваю сілу й магчымасьці. Да сілы далучацца слабейшыя. Калі не атрымаецца паказаць гэтую сілу, значыць, мы яшчэ раз будзем асуджаныя на паразу”.

І спадар Шлындзікаў, і спадар Багданкевіч кажуць, што было б натуральна, калі б кандыдатам ад АГП стаў старшыня партыі Анатоль Лябедзька. Вось што кажа сам спадар Лябедзька:

(Лябедзька: ) “Асабіста ў такіх пытаньнях рашэньні не прымаюць. Гэта калектыўнае рашэньне і наяўнасьць палітычнай волі арганізацыі, якую ты прадстаўляеш. Калі будзе такое рашэньне — а я думаю, што могуць быць і іншыя рашэньні, усё ж у партыі шмат прыстойных кандыдатураў — то, натуральна, любы сябра партыі павінен выконваць калектыўныя рашэньні”.
XS
SM
MD
LG