Лінкі ўнівэрсальнага доступу

1 ЛЮТАГА Ў КУРАПАТАХ АДБЫЛАСЯ ТАЛАКА


Ганна Соусь, Менск

Нягледзячы на марознае надвор’е, у Курапаты прыйшлі людзі, каб аднавіць крыжы, паламаныя невядомымі вандаламі летась у ноч з 24 на 25 сьнежня на каталіцкія Каляды. Гаворыць адзін з ініцыятараў талакі актывіст грамадзкай ініцыятывы “За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты” культуроляг Вацлаў Арэшка:

(Арэшка: ) “Зараз адбываецца талака. Ад 11-й гадзіны зьбіраецца народ. На жаль, людзей няшмат, але ёсьць прадстаўнікі грамадзкай ініцыяты “За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты”, прыйшоў актывіст КХП БНФ. На жаль, бракуе моладзі, якая так многа зрабіла для абароны Курапатаў, але будзем спадзявацца, што яны яшчэ падыдуць. Нягледзячы на пэўныя цяжкасьці, праца ідзе. Ужо папраўлена некалькі крыжоў. Зараз мы паспрабуем паправіць усё, што толькі ў нашых сілах. З прычыны недахопу інструмэнту некаторыя крыжы давядзецца пакінуць да вясны, бо цяжка ўкапаць тыя крыжы, што былі паваленыя, таму што зямля замерзла. Некаторыя пашкоджаныя крыжы, якія вельмі добра зробленыя, прыйдзецца забраць дахаты, бо проста шкада іх тут кідаць”.

Ва ўрочышчы актыўна працаваў археоляг Мікола Крывальцэвіч.

(Крывальцэвіч: ) “Многія крыжы пашкоджаныя, і мы зьбіваем гэтыя перакладзіны, дзе можна, складаем паламаныя крыжы. Тыя, якія нельга аднавіць, абразаем і прыбіваем да дрэваў, каб потым вясной можна было замест іх новыя паставіць. Шкада, што паламалі вельмі прыгожыя крыжы, прывезеныя зь Вільні”.

У часе талакі Вацлаў Арэшка выказаў заклапочанасьць з прычыны таго, што праект ахоўных зонаў курапацкага мэмарыялу дагэтуль не зацьверджаны навуковай радай Дэпартамэнту аховы гісторыка-культурнай спадчыны й рэстаўрацыі. І таму зараз ад імя грамадзкіх арганізацыяў актывісты ініцыятывы рыхтуюць ліст у Міністэрства культуры з прапановай паскорыць гэты працэс.

Чыноўнікі тлумачаць нявырашанасьць сытуацыі тым, што дагэтуль ня вызначана, каму тэрытарыяльна будзе належыць курапацкі мэмарыял — гораду альбо Менскаму раёну. Паводле Вацлава Арэшкі, для грамадзкасьці неістотныя гэтыя чыноўніцкія спрэчкі, а важнае захаваньне помніку, які дагэтуль застаецца неабароненым ад вандалаў. Такім чынам, падсумоўвае Вацлаў Арэшка, актывісты грамадзкай ініцыятывы “За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты” будуць і працягваць зьвяртацца да ўладаў і працаваць непасрэдна ва ўрочышчы.
XS
SM
MD
LG