Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГАЛІНА БАНДАЖЭЎСКАЯ: “У ПАРЫЖЫ НЕПАКОЯЦЦА ЗА ЛЁС МАЙГО МУЖА”


Любоў Лунёва, Менск

У Парыжы прадстаўнікі “Amnesty International” ладзілі сустрэчы Галіны Бандажэўскай з прадстаўнікамі ня толькі грамадзкіх праваабарончых арганізацыяў, але і з прадстаўнікамі дзяржаўных структураў. Галіна Бандажэўская распавяла Радыё Свабода, што была вельмі ўражаная тым, як людзі за мяжой ставяцца да справы яе мужа.

(Бандажэўская: ) “Гэтая паездка ў Францыю надала мне новыя сілы, каб працягваць барацьбу за справядлівасьць. Мяне вельмі ўразіў кантраст — наколькі людзі непакояцца за лёс майго мужа! Там, у Парыжы, яны вельмі цікавіліся ягоным здароўем. Пыталіся пра ўмовы ўтрыманьня ў турме. Спачувалі мне. Пыталіся пра маё здароўе, пра здароўе маіх дзяцей... А гэта ж чужы для іх чалавек. Ён не зьяўляецца грамадзянінам Францыі і для французаў нічога не зрабіў”.

Галіна Бандажэўская лічыць, што страх, які пануе ў беларускім грамадзтве, паралізуе сілы, здольныя вырашыць лёс яе мужа.

(Бандажэўская: ) “Тут у нас ён выпусьціў тысячу дактароў. Працаваў у навуцы, каб дапамагчы людзям, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай станцыі. З-за той атмасфэры страху, якая пануе ў нашай краіне, людзі маўчаць. Калегі майго мужа баяцца спытацца ў мяне пра жыцьцё, пацікавіцца пра дзяцей і ці хапае нам грошай. Па тэлебачаньні Лукашэнка казаў, што будзе працягваць весьці барацьбу з карупцыяй. Цяпер такі падарунак як кветкі будзе лічыцца хабарам. Гэта мера запалохваньня навукоўцаў”.

Галіна Бандажэўская адказала Радыё Свабода на пытаньне, што яна будзе рабіць найбліжэйшым часам:

(Бандажэўская: ) “Мне нічога болей не застаецца, як пратэставаць супраць таго, што робяць з маім мужам. Я пайду на ўсё, каб абараніць майго мужа, нават на вулічныя акцыі. У яго такі цяжкі стан здароўя, што адлік ужо йдзе не на гады, а на месяцы. Я баюся, што магу згубіць час і не пасьпець дапамагчы яму”.

На наступным тыдні адвакат Юрыя Бандажэўскага наведае яго ў калёніі і падасьць скаргі ў вышэйшыя судовыя ўстановы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG