Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІНІМАЛЬНЫ ЗАРОБАК У БЕЛАРУСІ СКЛАДАЕ ЦЯПЕР 40 ТЫСЯЧ 670 РУБЛЁЎ


Ганна Соусь, Менск

Сям’ю Марыны й Аляксандра Калонскіх можна лічыць у пэўным сэнсе сярэднестатыстычнай беларускай сям’ёй. Іх месячны бюджэт складае каля 250 даляраў — якраз па 120 даляраў сярэдняга беларускага заробку на кожнага. Аляксандар — мэнэджэр камэрцыйнай фірмы, Марына зараз не працуе, бо вучыцца ў асьпірантуры, іхны сын Андрэй ходзіць у чацьвертую клясу адной зь менскіх гімназіяў. Калонскія лічаць сябе больш-менш забясьпечанымі людзьмі, бо маюць двухпакаёвую кватэру і 12-гадовы аўтамабіль “Опэль”. Марына Калонская распавядае, як яны разьмяркоўваюць свой сямейны бюджэт:

(Марына: ) “Спачатку, вядома, плацім за тое, за што нельга не плаціць — 40 тысяч за двухпакаёвую кватэру, 5–7 тысяч за тэлефон. Каля 10 тысяч за электрычнасьць, таму што ў нас электрычная пліта. Толькі на школьныя абеды дзіцёнка ў месяц ідзе 25–30 тысяч. Усё астатняе, калі ня трэба нешта набываць (нагавіцы ў сына знасіліся ці яшчэ што), ідзе на харчаваньне”.

Марына прызнаецца, што вось ужо некалькі гадоў яны жывуць з пазыкамі. Агулам назьбіралі ў сваякоў і сяброў каля 2 тысяч даляраў. Пакрысе расплачваюцца, але даводзіцца прасіць грошы нанава. Калі спатрэбіцца тэрмінова разьлічыцца з пазыкамі, то прададуць аўтамабіль. Аб тым, каб атрымаць крэдыт у нейкім беларускім банку, Марына й Саша проста ня мараць. Дзеля гэтага, мяркуюць яны, трэба працаваць у дзяржаўнай структуры і мець знаёмых у пэўных колах.

(Марына: ) “Калі трэба нешта набыць… Прыкладам, летась мне давялося купіць скураное паліто, бо ўжо не было ў чым хадзіць. Каштавала яно каля 300 даляраў. Я за яго разьлічваюся ўжо амаль год, бо такую суму давялося пазычаць. Калі яшчэ нейкія выдаткі, там нешта паламалася ў машыне, прыкладам, дома лямпу пабілі — трэба новую набываць, тады ўжо з заплянаванага бюджэту мы выходзім. Трэба пазычаць — 50–100 даляраў. І гэтак штомесяц”.

Летась сям’я Калонскіх езьдзіла на сваім аўтамабілі ў Крым. Тады Марына яшчэ працавала, разам з Аляксандрам яны атрымалі грошы на адпачынак, да таго ж бацькі падаравалі 200 даляраў, такім чынам, на трох грошай на адпачынак хапіла. Увогуле Марына на жыцьцё ня скардзіцца.

(Марына: ) “Я адчуваю сябе сярэдняга дастатку. Бо калі глядзець на ўсіх астатніх, то даволі нядрэнна мы жывем па беларускіх мерках. Мы можам сабе дазволіць такую раскошу як аўтамабіль, ці, напрыклад, рэпэтытара для сына, бо гэта далёка ня кожны можа дазволіць. Я ведаю, што нават ня ўсе дзеці абедаюць у школе, бо гэта таксама каштуе грошай”.

Марына Калонская гаворыць, што апошнім часам яны не пасьпяваюць нават сачыць за коштамі, даражэюць харчы, камунальныя паслугі, праезд у транспарце, і на гэтым тле яны проста не заўважаюць такіх урадавых рашэньняў як падвышэньне мінімальнага заробку ці пэнсіі, бо іх непасрэдна гэта ніяк не закранае. Якая матэрыяльная мара ў сям’і Калонскіх?

(Марына: ) “Па-першае, хацелася б разьлічыцца з пазыкамі, якія мы ўжо набралі. Мы жывем у двухпакаёвай кватэры ўтрох. У мяне ўжо такі ўзрост, што хацелася б мець і другое дзіця, а ў двухпакаёўцы я не магу дазволіць сабе такой раскошы. Таму хацелася б хаця бы трохпакаёвую на першы час кватэру. І пакуль досыць было бы. Я не кажу пра тое, што ў мяне няма аўтамабіля. Хацелася б мець, хоць маленькае, але лецішча, каб калі-некалі можна было выехаць зь дзіцём на прыроду”.

Марына Калонская прызнаецца, што ў гэтым жыцьці яна спадзяецца толькі на сябе і свайго мужа. Ад дзяржавы нічога не чакае й ня просіць, адзінае — хоча, каб мужа на працы не чапалі шматлікія “правяральшчыкі”, бо да прыватных фірмаў увага зь іхнага боку цяпер надта пільная.

Колькі грошай мае звычайна ў кішэні Марына Калонская — жанчына, маці, жонка зь сям’і зь сярэднестатыстычным беларускім заробкам?

(Марына: ) “Я звычайна маю з сабой тысяч пяць. Гэтага мне хапае на праезд, і я ўжо выбіраю, ці мне нешта зьесьці на гэтыя грошы, альбо папіць кавы, альбо набыць нейкую танную кнігу”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG