Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ ЗДОЛЕЮЦЬ БЕЛАРУСЫ ПЛАЦІЦЬ ЗА КАМУНАЛЬНЫЯ ПАСЛУГІ ПАВОДЛЕ НОВЫХ ТАРЫФАЎ?


Галіна Абакунчык, Менск

Некаторыя апытаныя заявілі, што ня супраць высокіх коштаў за жытло, як гэта ёсьць ва ўсім сьвеце. Але пры ўмове добрага абслугоўваньня, якога ў беларускіх гарадах няма.

(Спадарыня: ) “Кватэры трэба аплачваць, нічога дарэмнага не бывае. Мы хочам, імкнемся жыць у Эўропе, а плаціць паводле ранейшых коштаў. Такога ніколі ня будзе”.

(Спадарыня: ) “Кошты, якія людзі вымушаныя цяпер плаціць за кватэру, яны адпавядаюць усясьветным. Іншая рэч, што паўсюль людзі адпаведна зарабляюць. Ім забясьпечваюць гарантаваную якасьць, дапільнуюць, каб была добрая сантэхніка і працавала бяз збоеў. А калі тэлефануеш у наш ЖЭС, дык першае, што яны кажуць — заплаціце. І гэта кажа не прыватны сантэхнік, а работнікі таго ЖЭС, якому ты і так штомесяц плаціш грошы. А цяпер будзеш плаціць большую частку свайго заробку”.

(Спадар: ) “Калі гэта будзе паляпшаць якасьць абслугоўваньня, то гэта трэба рабіць. Тыя, хто ня змогуць аплачваць вялікія кватэры, пераедуць у малыя. Але калі якасьць паслугаў застанецца на тым жа ўзроўні, што й цяпер, то я катэгарычна супраць гэткага падвышэньня коштаў”.

Бальшыня мінакоў заявіла, што вельмі адмоўна ставяцца да новага падвышэньня тарыфаў, бо гэта пацягне яшчэ большае зьбядненьне іх сем’яў.

(Спадарыня: ) “У зьвязку з тым, што заробкі нам не падвышаюць, гэта вельмі дрэнна. Бо не хапае грошай. У мяне двое дзяцей: трэба абуць, апрануць і накарміць. А тут яшчэ й праезд падаражэў. Цяжка, вельмі цяжка”.

(Спадарыня: ) “Кепска, таму што грошай няма. Я сабе й так адмаўляю ўжо дзесяць гадоў у добрай ежы, адзеньні. І далей нічога добрага ня бачу”.

(Спадарыня: ) “Гэта проста нечуванае нахабства. Так націснулі на людзей, што зусім незразумела, з чым заставацца жыць, калі гэтулькі зьдзяруць”.

(Спадар: ) “Цяжка нават уявіць, як можна забясьпечыць сябе ўмовамі прыстойнага жыцьця й гэтулькі плаціць за кватэру”.

(Спадарыня: ) “Я й дагэтуль сабе шмат у чым адмаўляю: я ня ведаю, што такое зьесьці яблык альбо апэльсын. Хутка ўжо й хлеба ня трэба будзе есьці. Дужа дрэнна. Адны толькі сьлёзы, і больш нічога”.
XS
SM
MD
LG