Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРЫХІЛЬНАСЬЦЬ АЛЯКСАНДРА ЛУКАШЭНКІ ДА ІНТЭГРАЦЫІ З РАСЕЯЙ ЗЬМЕНШЫЛАСЯ З 80% ДА 30%


Юры Дракахруст, Прага

Паводле Лукашэнкі, прычына такой кардынальнай зьмены грамадзкіх настрояў – крыўда беларусаў на пэўныя заявы расейскіх палітыкаў, кшталту пуцінскіх “мухаў і катлетаў” і на скарачэньне паставак газу ў канцы мінулага году.

У паведамленьні кіраўніка дзяржавы шмат момантаў спараджаюць вялікія сумневы. Па-першае, чаму апытаньне закрытае – ці грамадзкая думка ў Беларусі ўжо зьяўляецца дзяржаўным сакрэтам? Закрытае апытаньне – гэта немагчымасьць даведацца пра ягоных выканаўцаў, ацаніць сапраўднасьць атрыманых вынікаў у залежнасьці ад навуковай рэпутацыі дасьледчыкаў. Калі гэта прыдворныя сацыёлягі, што працуюць паводле формулы “чаго трэба”, то і давер да іх сэнсацыяў невялікі.

Сумневы ўзмацняюцца і тым, што дадзеныя, прыведзеныя Лукашэнкам, не адпавядаюць прыродзе грамадзкай думкі, яе законам. Грамадзкая думка ў такіх пытаньнях, як геапалітычны выбар, а фактычна – да ўласнай дзяржаўнасьці, рэч вельмі кансэрватыўная: зьмена яе на 50% на працягу году можа стаць вынікам толькі сапраўднай катастрофы. Паводле дадзеных незалежных сацыялягічных цэнтраў, нават такія сапраўды значныя падзеі, як эканамічны крызыс у Расеі ў 1998 годзе ці апэрацыя НАТО ў Югаславіі ў 1999 годзе цягнулі за сабою аслабленьне ці ўзмацненьне інтэграцыйных настрояў ня больш чым на 10-15%.

Паводле дадзеных Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў, і сёлета інтэграцыйныя настроі ў Беларусі сапраўды зьнізіліся. Напрыклад, у красавіку летась прыкладна траціна апытаных выказваліся за аб’яднаньне Беларусі і Расеі ў адзіную дзяржаву, пры канцы году прыхільнікаў такога варыянту засталося 22%. А колькасьць гатовых галасаваць на рэфэрэндуме з абстрактным пытаньнем пра аб’яднаньне з Расеяй за 9 месяцаў увогуле засталася на ранейшым узроўні – 54%.

Па-першае, як бачым – няма аніякіх 80%, якія нібыта падтрымлівалі інтэграцыю, пакуль Пуцін не пакрыўдзіў Лукашэнку, а па-другое – няма і падзеньня гэтых настрояў больш чым напалову пасьля гэтай крыўды. Паводле пэўных паказчыкаў, зьніжэньне на тыя ж 10-15%.

Сёньняшнія сацыялягічныя сэнсацыі, агучаныя кіраўніком дзяржавы, характарызуюць ня столькі грамадзкую думку, колькі асабістую думку Аляксандра Лукашэнкі. Трэба было – і паводле закрытых апытаньняў за інтэграцыю былі ўсе беларусы пагалоўна, сытуацыя зьмянілася – ізноў жа закрытыя апытаньні сьведчаць пра тое, што беларусы гэтак жа дружна разьлюбілі Расею. Вынікі мяняюцца – закрытасьць застаецца.

Аднак сёньняшняе сацыялягічнае паведамленьне Аляксандра Лукашэнкі мае істотнае значэньне менавіта як палітычны ход, як, так бы мовіць, вынік апытаньня ягонай уласнай думкі. Зь яго вынікае, што прынамсі ў найбліжэйшы час інтэграцыйных рэфэрэндумаў чакаць ня варта.
XS
SM
MD
LG