Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<font color=CC0000 size=+0,5>АНОНС: ЯКІЯ ПЕРАДАЧЫ ПРАГУЧАЦЬ У НАШЫМ ЭФІРЫ Ў СУБОТУ І НЯДЗЕЛЮ</font>


Ул. інф.

“Сымбаль веры”. 1 лютага

Ці можна вылечыць цяжкую хваробу бязь лекаў? Хрысьціянская традыцыя аздараўленьняў пры цудадзейных абразах, ля мошчаў сьвятых і падчас паломніцтваў у месцы зьяўленьня Багародзіцы працягваецца і ў нашыя дні, у ХХІ стагодзьдзі. Пра гэта пойдзе гаворка ў новым выпуску перадачы Сымбаль Веры. Вы пачуеце таксама пра апошняе зьяўленьне Багародзіцы ў Меджугор’і ў Босьніі, якое адбылося 25 студзеня сёлета.


“Праскі акцэнт”. 2 лютага

Да выбараў у мясцовыя саветы Беларусі застаўся месяц. На якія вынікі падчас гэтых выбараў разьлічваюць апазыцыйныя партыі? Ці ўдалося стварыць на месцах хаця б нефармальную кааліцыю дэмакратычных кандыдатаў? Наколькі высокай актыўнасьці можна чакаць ад выбарцаў і якую тактыку могуць абраць улады ў залежнасьці ад хады выбараў? Гэтыя пытаньні абмяркоўваюць у перадачы “Праскі акцэнт” па тэлефоне зь Менску намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандар Дабравольскі і з Наваполацку – кандыдат у дэпутаты гарадзкога савету, сябра БНФ Уладзімер Кунцэвіч.


“Вольная студыя”. 2 лютага

Рэгіянальная прэса — зона павышанай увагі беларускіх уладаў. Памятаецца, як штурмам бралі міліцыянты крычаўскую газэту “Вольны горад”, як ціхенька прычынілі пінскую “Правінцыялку”, як дэманстратыўна расправіліся з гарадзенскай “Пагоняй” ды яе журналістамі. На асноведзі гэтых падзеяў “Газэта Слонімская” ня толькі выжыла, але й значна пашырыла кола сваіх прыхільнікаў. Сёньня ў адным толькі Слоніме яе чытаюць 37 тысяч месьцічаў.


“Вострая брама”. 2 лютага

Гэты выпуск “Вострае Брамы” прысьвечаны памяці Ўладзімера Мулявіна. У перадачы бяруць удзел мастакі Валянціна і Лявон Бартлавы, палітык і мовазнаўца Вінцук Вячорка. Падаюцца зьвесткі пра першыя крокі музыкі, пра Сьвярдлоўск, у якім ён вучыўся і адкуль быў прызваны ў войска ў Беларусь, дзе і застаўся назаўсёды, зрабіўшыся агульнапрызнаным беларускім песьняром. Адначасова ставіцца праблема паходжаньня ў культуры: ці заўсёды трэба ведаць, адкуль прыйшоў геніяльны творца, каб лепей зразумець яго? Уладзімер Мулявін – прыклад чыстага генія, які ня можа быць вытлумачаны ані генэтычным ці нацыянальным паходжаньнем, ані месцам нараджэньня, ані ўплывам сяброў дзяцінства.


Тэксты гэтых ды іншых перадач чытайце на сайце на наступным тыдні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG