Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АМЭРЫКАНСКІ ГРАМАДЗКІ ДЗЕЯЧ ЗЬБІРАЕЦЦА ПРАВЕСЬЦІ Ў МЕНСКУ БІЗНЭС-СЫМПОЗІЮМ


Альгерд Невяроўскі, Менск

У афіцыйным прэсавым рэлізе сымпозіюму 63-гадовы Джош Макдаўэл называецца міжнародным прамоўцам і аўтарам бэстсэлераў. Пратэстант, магістар тэалёгіі Макдаўэл ёсьць кіраўніком арганізацыі, якая аказвае гуманітарную дапамогу ў асноўным краінам былога Савецкага Саюзу. Джош Макдаўэл валодае радыёстанцыяй у Тэхасе, названай ягоным імем.

Спадар Макдаўэл гаворыць, што вырашыў арганізаваць у Менску бізнэс-сымпозіюм пасьля таго, як некалькі месяцаў таму да яго зьвярнуліся прадстаўнікі беларускага Міністэрства замежных справаў і бізнэсоўцы. Яны прасілі дапамагчы прыцягнуць у Беларусь амэрыканскія інвэстыцыі ды арганізаваць сустрэчу бізнэс-колаў дзьвюх краінаў. Макдаўэл дамовіўся з прадстаўнікамі шэрагу амэрыканскіх фірмаў, якія згадзіліся прыехаць у Менск, дзе 7–8 красавіка ў Палацы рэспублікі пройдзе бізнэс-сымпозіюм.

Джоша Макдаўэла не цікавіць, што паміж уладамі Беларусі й ЗША вельмі халодныя дачыненьні. Арганізацыю свайго мерапрыемства з афіцыйным Вашынгтонам ён не ўзгадняў:

(Макдаўэл: ) “Вельмі часта палітычныя дачыненьні ёсьць своеасаблівым наступствам бізнэс-стасункаў. Пэўна ж урад маёй краіны ведае, што я раблю. Але мая пазыцыя — заставацца наводдаль ад палітыкі. Мы не запрасілі на сымпозіюм прадстаўнікоў амэрыканскай амбасады ў Менску. Я ня буду супраць, каб яны там прысутнічалі, але я б не запрашаў іх афіцыйна. Я б хацеў, каб гэтае мерапрыемства мела выключна дзелавы характар”.

Амэрыканскі філянтроп наведвае Беларусь ужо 23-ці раз, аднак ня ведае беларускага інвэстыцыйнага клімату. Разам з тым, ён давярае мясцовым чыноўнікам, якія гавораць, што ў Беларусі існуюць добрыя інвэстыцыйныя ўмовы. Джош Макдаўэл будзе раіць сваім суайчыньнікам укладаць грошы ў беларускую эканоміку. Пры гэтым ён прызнаецца, што слаба разьбіраецца ў бізнэсе. Адметна, што ў часе менскага сымпозіюму ніякіх кантрактаў амэрыканцы заключаць не зьбіраюцца.

Былы намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Андрэй Саньнікаў называе праект Макдаўэла няшчырым і авантурным:

(Саньнікаў: ) “Я лічу, што гэта ня можа быць сур’ёзным. Ёсьць авантурысты, ёсьць інтарэсы, прычым вельмі прагматычныя. Гэта заўсёды зьвязана зь фінансавым лабіяваньнем. Гэта ня нейкія шчырыя памкненьні дапамагчы паляпшэньню адносінаў, а вельмі такія карысьлівыя інтарэсы. Ня думаю, што трэба надаваць увагу такім фактам. Былі такія спробы ня толькі з боку амэрыканцаў, але й іншых асобаў, але яны скончыліся нічым. І яны нічым і ня скончацца, таму што пакуль у Беларусі ня зьменіцца сытуацыя, сур’ёзныя асобы ня будуць разглядаць Беларусь як партнэра”.
XS
SM
MD
LG