Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЛАДЫ СПРАБУЮЦЬ ПАЗБАВІЦЬ АПАЗЫЦЫЮ МАГЧЫМАСЬЦІ ЎДЗЕЛЬНІЧАЦЬ У ВЫБАРЧАЙ КАМПАНІІ


Валер Каліноўскі, Менск

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька кажа, што нейкіх зрухаў у бок большай дэмакратычнасьці выбарчай кампаніі ён не назірае, улада па-ранейшаму баіцца любой альтэрнатывы і імкнецца трымаць выбарчую кампанію пад сваім кантролем:

(Лябедзька: ) “Сёньня мы канстатуем, што, на вялікі жаль, у шэрагу рэгіёнаў занадта апантана выконваюць палітычныя дырэктывы “чырвонага дома”. Напрыклад, па Гарадзеншчыне ў нас атрымаецца, што прыкладна 50–60% вылучаных намі кандыдатаў ня будуць зарэгістраваныя”.

Анатоль Лябедзька кажа, што такія дзеяньні ўлады і прагназаваліся. У цэлым па Беларусі не зарэгістравана каля 30% з 200 вылучаных кандыдатамі сяброў АГП. Пры гэтым ён заўважыў тэндэнцыю, што ўлады імкнуцца не зарэгістраваць найбольш моцных прэтэндэнтаў на дэпутацкія мандаты. Юрыдычная служба партыі рыхтуе скаргі ў абласныя камісіі й суды.

Зьбіраецца абскарджваць вынікі рэгістрацыі і БНФ, у цэлым па Беларусі адмоўлена прыблізна палове сяброў гэтай партыі, вылучаных кандыдатамі, якіх было 116. Але БНФ зьбіраецца працягваць удзел у кампаніі, каб данесьці да выбарцаў свае ідэі. Гаворыць намесьнік старшыні БНФ Юры Хадыка:

(Хадыка: ) “Зразумела, людзі зарэгістраваныя працягнуць змаганьне з мэтаю прайсьці і хаця б быць сьведкамі дзейнасьці гэтых мясцовых органаў улады, уплываць на рашэньні якіх ужо, відавочна, ні апазыцыя, ні тым больш адна партыя ня будзе ў стане. Калі будзе працягвацца парушэньне заканадаўства і абмежаваньне ў правах нашых кандыдатаў, то ня выключанае і калектыўнае зьняцьцё”.

Апазыцыйная Партыя камуністаў Беларуская таксама сутыкнулася зь неаб’ектыўнасьцю выбарчых камісіяў. Гаворыць сакратар ПКБ Алена Скрыган:

(Скрыган: ) “Аптымізму няма, таму што праз кожную хвіліну тэлефануюць і яшчэ хтосьці паведамляе аб тым, што не зарэгістравалі, зьнялі. Але, мабыць, выходзіць з кампаніі мы ня будзем, каб выкарыстаць яе для правядзеньня агітацыі. Але, магчыма, будзе такая заява, што гэтая кампанія не адрозьніваецца ад папярэдніх”.

Алена Скрыган паведаміла, што ПКБ страціла каля 20% з 208 вылучаных кандыдатамі ў дэпутаты. Але прыходзяць паведамленьні зь месцаў, што некаторых з зарэгістраваных адміністрацыя прымушае здымаць кандыдатуры, пагражаючы звальненьнем з працы, — кажа Алена Скрыган.

Лідэр БСДП Мікола Статкевіч зазначае, што з вылучэнцаў іх партыі не зарэгістравана каля 15%:

(Статкевіч: ) “Пераважная большасьць адмоваў у рэгістрацыі высмактаная з пальца з грубым парушэньнем закону, і ўсе яны будуць аспрэчаныя”.

Мікола Статкевіч кажа, што сярод удзельнікаў выбарчай кампаніі шмат прыхільнікаў БСДП, якія не афішуюць гэтага і ідуць на выбары як беспартыйныя.

У ЛДПБ паведамляюць, што на гэты момант страцілі каля паловы з 480 вылучаных партыяй кандыдытаў. Гэта неабгрунтавана і незаконна, — упэўнены лідэр партыі Сяргей Гайдукевіч:

(Гайдукевіч: ) “Але без надзеі напэўна жыць нельга, я ўсім сваім сябрам партыі сказаў: сябры, гэта ж наша зямля, наша радзіма, нашыя людзі, ідзеце да іх, колькі б вас ні засталося. А тыя, каго не зарэгістравалі, ідзеце з тымі, хто застаўся, усё роўна ідзеце. Бо ніхто акрамя нас тут нічога ня зьменіць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG