Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРЭЗЫДЭНТ БУШ ПАПЯРЭДЖВАЕ КІРАЎНІЦТВА ІРАКУ, ШТО АДЛІК ІДЗЕ НЕ НА МЕСЯЦЫ, А НА ТЫДНІ


Алена Ціхановіч, Прага

Джордж Буш у гэты момант быў у суправаджэньні італьянскага прэм’ер–міністра Сільвія Берлусконі:

(Буш: ) “Я вельмі ўдзячны, што прэм’ер-міністар сярод іншых лідэраў эўрапейскіх краінаў падпісаў ліст, у якім даецца ацэнка справы, якую мы разглядаем, – а менавіта тая яўная пагроза міру, якую нясе Садам Хусэйн. Гэта моцная заява”.

Нагадаю, што дзевяць эўрапейскіх краінаў паабяцалі ЗША накіраваць свае войскі ў раён канфлікту ў выпадку, калі вайна пачнецца, і больш за 20 прапанавалі выкарыстаньне сваіх вайсковых базаў і паветранай прасторы. Францыя і Нямеччына пакуль вайсковую апэрацыю супраць Іраку не ўхвалілі. Адказваючы на перасьцярогі, што вайна можа спарадзіць хвалю ўцекачоў у суседнія краіны, прэзыдэнт Буш паінфармаваў, што разам з вайсковай апэрацыяй рыхтуецца вялікі груз гуманітарнай дапамогі.

Амэрыканскі лідэр сёньня працягвае кансультацыі са сваімі эўрапейскімі саюзьнікамі: уначы ў ЗША ўжо прыбыў брытанскі прэм’ер Тоні Блэр. Учора ж адбылася сустрэча Буша зь міністрам замежных справаў Саўдаўскай Аравіі Саудам Аль Фэйсалам. Як меркавалася, у часе размовы магло разглядацца пытаньне пра магчымую эміграцыю Садама Хусэйна як шлях разьвязаньня праблемы. Аднак Аль Фэйсал пасьля перамоваў з Бушам паведаміў, што падобная ідэя не абмяркоўвалася. Раней дзяржсакратар ЗША Колін Паўэл даў зразумець, што добраахвотны адыход Садама і яго атачэньня мог бы прадухіліць вайну. Тым ня менш, у чацьвер прэзыдэнт Буш выказаўся больш прынцыпова:

(Буш: ) “Ня важна, як будзе вырашацца справа з Садамам Хусэйнам, задача раззбраеньня Іраку застаецца ранейшай, незалежна ад таго, хто будзе стаяць на чале ўраду. І вельмі важна, каб ірацкі народ ведаў пра гэта”.

Амэрыканскі лідэр падкрэсьліў таксама, што ня мае намеру зацягваць час. Паводле яго словаў, на дыпляматычнае вырашэньне ірацкай праблемы застаюцца ня месяцы, а тыдні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG