Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НЯМЕЦКІ ДЫПЛЯМАТ ЭБЭРГАРТ ГАЙКЕН ПРЫЗНАЧАНЫ КІРАЎНІКОМ МЕНСКАГА ОФІСУ АБСЭ


Ул. інф.

Цяперашняму амбсадару АБСЭ ў Беларусі 66 гадоў. Вядома, што ён юрыст па адукацыі, у час халоднай вайны працаваў на дыпляматычнай службе ў ЗША і СССР, пасьля распаду савецкай імпэрыі быў дарадцам нямецкага МЗС па Расеі; у 1990-м служыў амбасадарам ФРН у Швайцарыі і ва Ўкраіне.

Апошняя дыпляматычная пасада Эбэргарта Гайкена — адмысловы пасланец старшыні АБСЭ ў Беларусі, якую ён атрымаў летась увесну, выклікала незадаволенасьць беларускіх афіцыйных колаў. Раней, увосень 2001-га, Бэрлін і Вена прапанавалі Менску кандыдатуру Гайкена на пасаду кіраўніка КНГ АБСЭ замест Ганса-Георга Віка. Нарэшце Менск даў згоду на гэтае прызначэньне.

Беларускія палітыкі, назіральнікі, журналісты, верагодна, будуць параўноўваць гэтага дыплямата зь ягоным папярэднікам — Гансам-Георгам Вікам, пэрсонай яркай і неардынарнай. Сёньня ў беларускім каляпалітычным асяродзьдзі ўжо можна пачуць, што як дыплямат Гайкен больш памяркоўны і мяккі за Віка, і менавіта гэтыя якасьці адыгралі галоўную ролю ў канчатковым рашэньні Менску.

Нямецкія журналісты ў чымсьці згодныя з падобнымі меркаваньнямі. Былы ўласны карэспандэнт нямецкага Радыё “АРД” па Ўкраіне і Беларусі, які няблага ведае абодвух дыпляматаў, сьведчыць, што за час свайго амбасадарства ў Кіеве з 1996 па 2000-ы Гайкен здолеў наладзіць добрыя стасункі як з уладамі, так і з апазыцыяй і пры гэтым абараніць пэўныя інтарэсы Нямеччыны ў гэтым рэгіёне. Дасягненьні пэўных замежнапалітычных мэтаў пры ўмове бесканфліктных зносінаў могуць растлумачыць прэстыж Гайкена ў нямецкім МЗС, а таксама ў міжнароднай дыпляматыі.

Вядомы нямецкі палітоляг Гайнц Тымэрман, які на працягу апошніх месяцаў інтэнсіўна кансультаваў спадара Гайкена ў беларускіх пытаньнях, ня згодны з тым, калі ў Гайкене як дыплямаце “бесканфліктных зносінаў” хтосьці ў Менску ўбачыць гэтак званую кампрамісную фігуру для беларускіх уладаў.

(Тымэрман: ) “Я ведаю спадара Гайкена 20 гадоў. Яшчэ па ягонай дыпляматычнай працы ў ЗША і Савецкім Саюзе, а затым ва Ўкраіне. Як прадстаўнік наступнай пасьля Віка дыпляматычнай генэрацыі Нямеччыны ён ня проста саветоляг, але і надзвычай добры адмысловец у пытаньнях Усходняй Эўропы. Я неаднойчы пераконваўся ў тым, калі яму пры зьнешняй мяккасьці ўдавалася прасоўваць свае пазыцыі. Гэты вельмі дасьведчаны дыплямат”.

Паводле нямецкіх аналітыкаў, посьпех супрацоўніцтва паміж Менскам і АБСЭ будзе залежаць урэшце ад дзейнасьці абодвух бакоў, ад іхнага жаданьня пазьбегнуць канфрантацыі.

Сам спадар Гайкен у размове са мной цалкам пагадзіўся з гэтым меркаваньнем:

(Гайкен: ) “Заданьне, якое стаіць перад нашым офісам, ёсьць звычайнай адкрытай працай АБСЭ ў Беларусі — краіне, у якой мы мусім праводзіць і захоўваць асноўныя прынцыпы эўрапейскай бясьпекі. Мне цяжка сказаць, ці будзе нашая задача ўдвая ці ўтрая цяжэйшай за мінулую, як пра гэта напісала “Neue Zuercher Zeitung”. Я перакананы, паколькі Беларусь — сябар АБСЭ, то мы мусім быць разам, а не знаходзіцца па розныя бакі — з аднаго боку Беларусь, з другога АБСЭ”.

(Карэспандэнт: ) “Калі можна чакаць прыезду новага амбасадара ў Менск? Для аб’ектыўных затрымак быццам няма падставаў. Як кіраўнік вы ўжо прызначаны, а вашыя валізкі, паводле вашых жа словаў, сабраныя ў Менск больш як год таму”.

(Гайкен: ) “Сапраўды, калі гаварыць пра валізкі, то яны сабраныя. Аднак шлях у Менск будзе пралягаць празь Вену. Там я мушу сустрэцца са старшынём АБСЭ і абмеркаваць генэральную лінію і практычныя крокі нашай місіі. Сустрэчы зь Беларусьсю я вельмі чакаю. Гэта краіна, дзе я быў за часам СССР. За апошні год я шмат даведаўся пра яе самабытную культуру, гісторыю, трансфармацыйнае разьвіцьцё. Аднак канчатковыя высновы зраблю, калі прыбуду ў Менск”.

Як можна меркаваць, на месца свайго прызначэньня спадар Гайкен прыбудзе пасьля візыту ў Беларусь дэлегацыі ПА АБСЭ на чале з Утай Цапрф. Аднак у любым выпадку гэта будзе ў лютым.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG