Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАМЭНДАНТ ПАМЕЖНАЙ СЛУЖБЫ ПОЛЬШЧЫ НАВЕДАЎ БЕЛАРУСЬ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

31 студзеня брыгадны генэрал Юзаф Клімовіч абверг зьвесткі часопісу “Wprost”, які са спасылкай на неназваныя крыніцы сярод польскіх памежнікаў паведамляў, нібыта беларускія памежнікі былі гатовыя пры канцы 2002 году адкрыць мяжу ў Польшчу для некалькіх дзясяткаў тысяч нелегальных мігрантаў з краінаў Азіі і Афрыкі. Генэрал Клімовіч ня верыць у рэальнасьць плянаў паслабленьня кантролю на беларуска-польскай мяжы і станоўча ацэньвае намаганьні беларускіх калегаў.

(Клімовіч: ) “Тое, што пішуць некаторыя журналісты ў Польшчы, ёсьць насамрэч няпраўдай. Я давяраю кіраўніцтву памежных войскаў Беларусі й высока ацэньваю вынікі працы беларускіх памежнікаў”.

Генэрал Клімовіч праілюстраваў свае высновы лічбамі. Паводле яго, польскія памежнікі летась затрымалі на беларускім напрамку каля 80 парушальнікаў, а год таму нелегалаў, якія здолелі абысьці беларускіх памежнікаў, было злоўлена на 100 больш. Аднак справа ня толькі ў пільнасьці беларусаў. Юзаф Клімовіч адзначае, што апошнім часам арганізатары патокаў нелегальнай міграцыі адкарэктавалі свае маршруты. Цяпер яны больш актыўныя на межах Польшчы зь Літвой і Ўкраінай.

Аляксандар Паўлоўскі таксама мяркуе, што нелегальныя мігранты летась часьцей спрабавалі абысьці Беларусь, бо ім тут ня вельмі шанцуе. Паводле генэрала Паўлоўскага, ягонымі падначаленымі за год было затрымана 500 парушальнікаў, зь іх звыш 200 — уцекачы з краінаў Азіі і Афрыкі. Аднак кіраўнік камітэту памежных войскаў Беларусі раіць эўрапейскім краінам ня разьлічваць, што нелегалы забудуцца пра Беларусь зусім.

(Паўлоўскі: ) “Я хацеў бы нагадаць усім краінам, якія ўваходзяць у Эўрапейскі Зьвяз, што мы можам альбо працаваць разам, альбо не працаваць. Для нелегальных мігрантаў Беларусь, як і Польшча, — транзытная краіна, і гэта трэба ў аднолькавай ступені ўлічваць”.

Дарэчы, кіраўніцтва памежных войскаў Беларусі не хавала і раней, што хацела б, каб эўрапейскія структуры, якія дадаткова фінансуюць умацаваньне мяжы Эўразьвязу на ўсходзе, больш уважліва ставіліся і да інтарэсаў беларускага боку. “Усё савецкае абсталяваньне на мяжы састарэла і шмат дзе ня дзейнічае, яго тэрмінова трэба мяняць”, — паведаміў перад беларускімі й польскімі журналістамі галоўны беларускі памежнік.

Было абвешчана таксама, што цяпер рыхтуецца новая дамова аб ахове беларуска-польскай мяжы, якая будзе ўлічваць зьмены пасьля ўступленьня Польшчы ў Эўрапейскі Зьвяз.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG