Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АНОНС КУЛЬТУРНЫХ ПАДЗЕЯЎ 1–3 ЛЮТАГА


Валянціна Аксак, Менск

Аўтаманаграфія Марачкіна — летапіс ягонага жыцьця, кожны сьвядомы чын у якім — мастацкая дзея. Ад касьбы на бацькоўскіх паплавох да ладжаньня чарнобыльскіх шэсьцяў. Ад услаўленьня велічы непрыкметнае вясковае матулі да ўганараваньня міжнароднае годнасьці непазнанае сьветам радзімы.

Аўтаманаграфія Марачкіна — гэта інтымны дзёньнік і публіцыстычныя развагі, сямейныя фотаздымкі і палітычныя вершы, гэта рэпрадукцыі лірычных жывапісных палотнаў і злабадзённых інсталяцыяў. Аўтаманаграфія Марачкіна — гэта эклектыка жанраў і стыляў, якія нельга адасобіць, як нельга разьдзяліць мастакоўскі талент і грамадзянскую энэргетыку гэтае магутнае асобы.

У суботу 1 лютага кніга будзе прэзэнтавацца на творчай вечарыне мастака ў сталічным Палацы моладзі, што на Старавіленскім тракце, 41. Пачатак а 17-й гадзіне.

Ва ўікэндавай музычнай афішы вылучаецца джаз-фэст “Менск-2003”. 1 лютага прагучыць ягоны заключны канцэрт. У менскім клюбе імя Дзяржынскага выбітныя беларускія і расейскія выканаўцы будуць граць свае новыя кампазыцыі й найлепшыя творы сусьветнае клясыкі.

У гэты ж дзень ансамбль “Песьняры” запрашае на канцэрт памяці Ўладзімера Мулявіна. Ён пачнецца а 19-й гадзіне ў канцэртнай залі “Менск”. Дарэчы, на думку Таварыства беларускае мовы, найлепшым чынам памяць вялікага музыкі будзе ўшанаваная выданьнем на кампакт-дысках поўнага збору творчае спадчыны Мулявіна. З гэтаю прапановаю ТБМ накіравала лісты прэм’ер-міністру краіны Генадзю Навіцкаму і некалькім радыёстанцыям, абяцаўшы дапамогу ў падрыхтоўцы выданьня.

Мэмарыяльная імпрэза пройдзе і ў панядзелак 3 лютага ў бібліятэцы Дому літаратара. Творчая суполка “Пагоня” і Саюз беларускіх пісьменьнікаў ладзяць вечарыну, прысьвечаную 165-м угодкам з дня народзінаў Кастуся Каліноўскага і 140-годзьдзю з часу антырасейскага вызваленчага паўстаньня, якое ён узначальваў. Пачатак вечарыны а 17-й гадзіне.
XS
SM
MD
LG