Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗА АПОШНІЯ 10 ГАДОЎ ПРАЗ РОЗНЫЯ ПРАГРАМЫ АБМЕНУ ЗША НАВЕДАЛІ 2500 БЕЛАРУСКІХ СТУДЭНТАЎ І СПЭЦЫЯЛІСТАЎ


Алеся Сёмуха, Вашынгтон

Майкл Уегара, у прыватнасьці, сказаў, што падыход ЗША да стасункаў зь Беларусьсю базуецца не на практычным – эканамічным ці палітычным – інтэрасе, але на перакананьні, што Беларусь заслугоўвае быць вольнай дэмакратычнай краінай Эўропы.

ЗША, як паведаміў спадар Уегара, спрабуюць супрацоўнічаць зь Беларусьсю ў пяці асноўных накірунках: дапамога недзяржаўным арганізацыям і мас-мэдыям, запрашэньне ў ЗША беларускіх студэнтаў і спэцыялістаў праз розныя праграмы абмену, заахвочваньне рэформ, уплыў на дэмакратызацыйныя працэсы ў Беларусі праз Расею і праца зь ніжнімі слаямі ўрадавых арганізацыяў Беларусі. Як прыклад таго, што было зроблена за гэты час, Майкл Уегара прывёў лічбу: за апошнія 10 гадоў 2500 чалавек былі запрошаныя ў ЗША праз розныя праграмы абмену.

Беларускія прадстаўнікі падкрэсьлілі, што спадзявацца на Расею як на экспарцёра дэмакратыі ў Беларусь ёсьць палітыкай, якая прывядзе да інкарпарацыі Беларусі ў Расею. Прадстаўнікі дыяспары заклікалі Дзяржаўны дэпартамэнт весьці дыялёг не з Расеяй і нелегітымнымі лукашэнкаўскімі структурамі, але непасрэдна зь недзяржаўнымі і апазыцыйнымі арганізацыямі ў Беларусі.

Закраналася таксама пытаньне беспасярэдняй фінансавай дапамогі нацыянальным недзяржаўным арганізацыям і беларускамоўнай прэсе. Сярод іншых тэмаў размовы былі сытуацыя вакол Беларускай аўтакефальнай царквы, роля Расейскай праваслаўнай царквы ў русіфікацыі і інкарпарацыі Беларусі, а таксама выбары ў мясцовыя саветы і небясьпека магчымага рэфэрэндуму, якім Лукашэнка паспрабуе забясьпечыць сабе трэці прэзыдэнцкі тэрмін. Беларуская дэлегацыя падкрэсьліла, што вынікі такога рэфэрэндуму ні ў якім разе ня мусяць быць прызнаныя ЗША.

Што да вынікаў сустрэчы, то беларуская дэлегацыя атрымала згоду на правядзеньне такіх сустрэчаў у Дзярждэпартамэнце рэгулярна. Майкл Уегара цікавіўся канкрэтнымі выпадкамі ўціску нацыянальнага руху ў Беларусі і ў галіне школьніцтва, і ў галіне выдзяленьня дапамогі і абмену спэцыялістамі.

Гэта было першае спатканьне прадстаўнікоў беларускіх арганізацыяў ЗША з новым супрацоўнікам беларускага аддзелу Дзярждэпартамэнту. Лабіяваньне беларускіх інтарэсаў з боку дыяспары ў мінулым мела і цяпер можа мець свой унікальны плён.
XS
SM
MD
LG