Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НЕВЯДОМАЯ БНР: БЕЛАРУСКІЯ ПАЛІТЫКІ І МІЖНАРОДНЫЯ ЗМОВЫ


Сяргей Шупа, Прага

На парозе стаялі два прывіды ў абадраных палітонах, даўнавата нямытыя і няголеныя, зь недарэчнымі хатулямі. Трэба было моцна напружыць уяўленьне, каб пазнаць у іх старшыню Рады БНР Пятра Крачэўскага і ягонага намесьніка Васіля Захарку.

Так лютаўскай раніцай скончыліся прыгоды, якія распачаліся ў сярэдзіне сьнежня ў акупаваным палякамі Менску. Пасьля бурлівых падзеяў 13 сьнежня, калі на паседжаньні Рады БНР адбыўся раскол, міжвольныя ініцыятары расколу і кіраўнікі непрымірымай антыпольскай часткі Рады Крачэўскі і Захарка здолелі надзейна схавацца і ня трапіць за краты, як гэта здарылася зь іх паплечнікамі. Некалькі тыдняў давялося пражыць у менскім падпольлі, не паказваючыся нікому на вочы і цалкам адыйшоўшы ад грамадзкага і палітычнага жыцьця. Урэшце, схаваўшыся пад чужымі імёнамі і чужымі дакумэнтамі, Крэчэўскі і Захарка ўцякаюць зь Менску і дабіраюцца да Бэрліну. Якія прыгоды ім давялося перажыць за тры тыдні дарогі – мы ўжо не даведаемся ніколі.

Пунктам прызначэньня Бэрлін быў абраны невыпадкова. Васіль Захарка правёў там амаль увесь папярэдні, 1919 год, і за гэты час навязаў нямала важных, хоць і даволі небясьпечных кантактаў. Імкненьне беларускіх палітыкаў заручыцца збройнай сілай для вызваленьня Беларусі ад чароднай акупацыі часам прыводзіла іх да вельмі рызыкоўных камбінацыяў. Так яшчэ ў 1919 годзе Захарка вёў перамовы з генэралам Васілём Біскупскім, блізкім паплечнікам будучай зоркі нямецкай палітыкі, маладога мастака Адольфа Гітлера. Дарэчы, падчас славутага піўнога путчу 1923 году ў Мюнхене менавіта Біскупскі будзе хаваць Гітлера ў сваёй кватэры. Увосень 1919-га беларускаму ўраду ў асобе Захаркі было запрапанавана прыняць на сваю службу 60 тысячаў вайскоўцаў расейска-нямецкага ляндсвэру, які тады дзейнічаў на тэрыторыі Латвіі. Што мог азначаць гэты “прыём на службу” і чым ён мог скончыцца – сёньня сказаць цяжка, аднак, нягледзячы на шчодрыя абяцаньні фінансавага пляну, Васіль Захарка не наважыўся на такі непрадказальны крок.

Такім чынам, у лютым 1920-га Захарка з Крачэўскім зноў у Бэрліне і зноў шукаюць выйсьця з палітычных і фінансавых тупікоў. І як на бяду якраз у гэтым часе ў Бэрліне патаемна ладзяцца пляны вялікай расейска-нямецкай манархічнай змовы, на чале якой стаіць той самы генэрал Біскупскі.

Пляны Біскупскага, выкладзеныя ім крыху пазьней у адмысловым мэмарандуме, выглядалі прыблізна так: супольнымі намаганьнямі Чырвонай арміі, украінскіх і беларускіх партызанаў зьліквідаваць Польшчу і аднавіць межы 1914 году. Наступны этап – паўстаньне чырвоных (насамрэч – белых) афіцэраў, увядзеньне ў Расеі ваеннай дыктатуры, зьнішчэньне камуністычнага рэжыму ва Ўкраіне сіламі партызанаў, у Беларусі – з дапамогай расейска-нямецкіх добраахвотнікаў, запрошаных беларускім урадам. Аднаўленьне ў Расеі, Нямеччыне і Вугоршчыне манархіяў, выцясьненьне рэспубліканскіх рэжымаў на тое месца, якое яны заслугоўваюць.

Як адзначыў у сваім мэмарандуме Біскупскі, “урад Беларусі знаходзіцца ў кантакце з найвышэйшым камандаваньнем Ваеннага Цэнтру”. Чынны ўдзел беларускіх палітыкаў у бэрлінскай змове пацьвярджаецца і зьместам сакрэтнага ліста нейкага палкоўніка Купчынскага камандуючаму дзейнай у Эстоніі Паўночна-Заходняй Арміяй генэралу графу Аляксею Палену. Ліст гэты невядома якім чынам трапіў у рукі кіраўніка беларускай дэлегацыі на Мірнай канфэрэнцыі ў Парыжы Аўгена Ладнова.

Урэшце, яшчэ адно сьведчаньне ўдзелу беларускіх палітыкаў у вялікай змове - ліст нейкага “Залескага” (як выяўлена тым самым Ладновым – сябра прэзыдыюму Рады БНР Язэпа Мамонькі) сувязному манархістаў у Бэрліне расейскаму немцу доктару Гравэнгофу, дзе Мамонька-Залескі ўжывае адкрыты шантаж:

“Скажэце немцам, калі яны зараз не дадуць нам неадкладнай фінансавай дапамогі, дык мы больш да іх зьвяртацца ня будзем і працу скіруем у другі бок. Давайце мне весткі, грошы патрэбныя тэрмінова, праца вялікая”.

Паралельна з закуліснай працай у Бэрліне ў красавіку 1920 году кіраўніцтва БНР адкрывае другі сакрэтны дыпляматычны фронт – Васіль Захарка ў Рэвэлі, а пасьля і ў Маскве пачынае перамовы з прадстаўнікамі бальшавікоў, пра што ў нас яшчэ будзе нагода пагаварыць асобна...

Аднак усім шырокім плянам разгалінаванай міжнароднай змовы так і не было наканавана збыцца. Масква дамагаецца значных посьпехаў на польскім фронце, аднак пасьля “Цуду над Віслай” вымушаная падпісаць з Польшчай мірнае пагадненьне. Неўзабаве Рыскі мір разьдзеліць Беларусь напалам. Паводле падпісанага ў ліпені 1920-га расейска-літоўскага пададненьня, тэрыторыя на паўночны захад ад Маладэчна перададзеная Літве. Ва Ўсходняй Эўропе ўсталёўваецца парадак, які спакойна праіснуе яшчэ два дзесяцігодзьдзі.

Мэмарандум Біскупскага і абодва кампраматныя лісты ў канцы 1920 году надрукавала на сваіх старонках праская эсэраўская газэта “Воля Россіи”, што выклікала ў беларускіх палітычных колах у розных эўрапейскіх сталіцах грамадзкі землятрус лякальнага маштабу.

Апошняя дзея ў гэтай блытанай гісторыі адбылася 3 кастрычніка 1921 году падчас беларускай палітычнай канфэрэнцыі ў Празе. Адмысловая камісія прадстаўнікоў розных напрамкаў беларускай палітычнай думкі абмеркавала справу абвінавачаньня Ладновым Ураду БНР на чале з В.Ластоўскім у супрацоўніцтве зь нямецкімі й расейскімі манархістамі і пастанавіла:

“Разгледзеўшы дакумэнтальныя дадзеныя ў вышэйпамянёнай справе (ліст палкоўніка Купчынскага графу Палену, дакумэнты аб манархічнай змове з генэралам Біскупскім на чале, ліст грамадзяніна Залеўскага да Гравэнгофа ды іншыя) і выслухаўшы інфармацыі ў гэтай справе грамадзянаў Ластоўскага, Мамонькі, Цьвікевіча і Зайца, а таксама разгледзеўшы дакумэнты, у якіх грамадзянін Ладноў абвінавачваецца ў зносінах з францускай контарвыведкай, — ВЫЯСЬНІЛІ:
1) Урад БНР на чале з грамадзянінам Ластоускім ні ў цэласьці, ні ў асобе каго-колечы зь сяброу сваіх да манархічнай змовы з генэралам Біскупскім на чале ніякага дачыненьня ня меў.
2) Асабісты і прыватны ліст грамадзяніна Мамонькі, падпісаны псэўдонімам «Залевскій» паводле свайго зьместу і тону зьяўляецца вартым суровага зганеньня, але факты там паказаныя зьяўляюцца проста ўсхваляючым сябе вымыслам і нічога ня маюць супольнага з тактыкай Ураду БНР.
3) Дзеля аб’ектыўнага расьследаваньня справы Ладнова, запрапанаваць яму грамадзкі суд”.

Грамадзкі суд над Аўгенам Ладновым так ніколі і не адбыўся. Праз год ён падсумаваў дзесяцігодзьдзі сваёй гераічнай працы над выкрыцьцём сусьветнай тэўтонска-масонска-бальшавіцкай змовы ў аб’ёмістай манаграфіі пад загалоўкам “Агнём і мячом, голадам і хваробамі”, дзе паўтарыў усё тое самае, толькі на 356 старонках. У сярэдзіне 20-х гадоў ягоны сьлед губляецца, а разам зь ім губляецца і даставерная інфармацыя пра рэальны ўдзел беларускіх палітыкаў у сусьветных змовах, але...

...Але нядаўна ў сталіцы адной усходнеэўрапейскай дзяржавы быў знойдзены архіў беларускай дэлегацыі на Парыскай мірнай канфэрэнцыі. Тысячы старонак, сабраных і адсартаваных Ладновым. Таму сёньняшнюю гісторыю яшчэ рана лічыць закончанай.


Першая перадача цыклю “Невядомая БНР”

“Невядомая БНР”: Аўгіньня Алексючанка

“Невядомая БНР”: Ян Чарапук

“Невядомая БНР”: Дыпляматы і тэрарысты

“Невядомая БНР”: “Будучы паводле нараджэньня беларусам...”

“Невядомая БНР”: Консул Некрашэвіч

“Невядомая БНР”: Габрэі ў БНР

“Невядомая БНР”: БНР і савецкая Расея

“Невядомая БНР”: Атаман Хмара
XS
SM
MD
LG