Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВІТАЎТАС ЛАНДСБЭРГІС: “У СТУДЗЕНІ 1991-ГА ЎСХОПЧЫК ТЭЛЕФАНАВАЎ МНЕ І ПАГРАЖАЎ УЖЫЦЬ СІЛУ”


Ганна Соусь, Менск

Заявы пра недатычнасьць Уладзімера Ўсхопчыка да крывавых падзеяў студзеня 1991 году прагучалі ў эфіры Віленскага тэлебачаньня у адной з праграмаў на расейскай мове. Сябра Сэйму ад сацыял-дэмакратычнай партыі Літвы Мікалай Мядзьведзяў і пісьменьніца Відмантэ Ясукайцітэ заявілі, што ў студзені 1991 году Ўладзімер Усхопчык нібыта адмовіўся выконваць загад Масквы і быў адлучаны ад кіраўніцтва дывізіяй і Віленскім гарнізонам, а самой апэрацыяй тады даручылі кіраваць падпалкоўніку Аслану Масхадаву.

Я зьвязалася зь Мікалаем Мядзьведзевым і запытала ў яго, чаму гэтая інфармацыя была агучаная толькі праз 12 гадоў пасьля крывавых падзеяў, і якімі дакумэнтамі магчыма пацьвердзіць гэтыя заявы. Адказвае сябра рады сацыял-дэмакратычнай партыі Літвы Мікалай Мядзьведзеў:

(Мядзьведзеў: ) “Такая заява была выкліканая тым, што я даведаўся, што жонка Ўсхопчыка скончыла жыцьцё самагубствам. Я гаварыў больш не пра Ўсхопчыка, а пра тое, што ў той час у Віленскім гарнізоне вялікую ролю адыгрываў Аслан Масхадаў. А што тычыцца Ўсхопчыка, то цяпер разьбіраюцца з гэтай справай. Усе меркавалі, што толькі Ўсхопчык вінаваты, што толькі ён кіраваў. Але фактычна поўнай інфармацыі я ня маю. Так ці інакш, я маю дачыненьне да гэтых дакумэнтаў, але ж поўнай карціны, поўнай дакладнасьці няма”.

Нагадаю, што ўжо некалькі гадоў генэральная пракуратура Літвы дамагаецца ад генэральнай пракуратуры Беларусі выдачы генэрала Ўсхопчыка, які цяпер зьяўляецца першым намесьнікам міністра абароны Беларусі. Прэсавы сакратар генэральнай пракуратуры Літвы Відмантас Пуцеліс наступным чынам пракамэнтаваў вышэйзгаданыя заявы:

(Пуцеліс: ) “Справа яшчэ дасьледуецца. І пракуратура Літвы не ацэньвае гэтыя заявы з гледзішча іх дакладнасьці. Пракуратура дасьледуе справу пра антыдзяржаўную змову ў студзені 1991 году ў агульным кантэксьце, і высьвятленьне ролі спадара Ўсхопчыка, які быў у той час у Літве, застаецца актуальным. Але гэта выключна вусныя заявы, яны не зьяўляюцца доказамі. Я магу сказаць, што гэтыя заявы ня мелі аніякага рэзанансу. Яны былі агучаныя пэўнымі асобамі, і гэта іх асабістыя меркаваньні — на гэтым усё заканчваецца”.

А лідэр партыі кансэрватараў, колішні старшыня Вярхоўнага Савету Літвы Вітаўтас Ландсбэргіс назваў заявы Мікалая Мядзьведзева й Відмантэ Ясукайцітэ неабгрунтаванымі.

(Ландсбэргіс: ) “Я лічу іх неабгрунтаванымі, бо генэрал Усхопчык быў актыўным удзельнікам студзеньскіх падзеяў. Ён кіраваў Віленскім гарнізонам, і згодна зь ягоным загадам танкі й браневікі пайшлі на няўзброеных людзей. У тыя дні ён тэлефанаваў мне і патрабаваў шмат чаго, пагражаў ужыць сілу. У мяне ёсьць нават запісы ягоных тэлефанаваньняў. Так што я ня ведаю, з чаго зыходзяць Мядзьведзеў і гэтая пісьменьніца. Ягонае прызначэньне на высокую пасаду (я тады быў кіраўніком парлямэнту) я афіцыйна ацаніў як правакацыю супраць Літвы. Гэта насамрэч вялікая перашкода для супрацоўніцтва”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG