Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧАМУ БЕЛАРУСЬ НЕ ПРЫМАЮЦЬ ВА ЎСЯСЬВЕТНУЮ ГАНДЛЁВУЮ АРГАНІЗАЦЫЮ?


Ігар Карней, Менск

Сёлета дзесяць гадоў, як беларускія ўлады абвесьцілі пра мэту ўступленьня ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю, якая аб’ядноўвае 144 краіны. Нарэшце, паводле афіцыйных асобаў, у перамоўным працэсе зьявіўся станоўчы зрух. Прадстаўнікі беларускага МЗС днямі вярнуліся з Жэнэвы і лічаць, што прычыны ранейшых няўдачаў афіцыйнага Менску ня толькі ў прэтэнзіях да беларускага заканадаўства, але і ў пазыцыі некаторых краінаў.

Вось што гаворыць кіраўнік аддзелу Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі беларускага МЗС Антон Кудасаў:

(Кудасаў: ) “На жаль, ёсьць група краінаў, якія аказваюць надзвычай вялікі ўплыў на міжнародны гандаль. Праблема Ўсясьветнай арганізацыі якраз у тым, што ў першую чаргу такія дзяржавы разглядаюць краіны-кандыдаты, уключна і Беларусь, як палігон дзеля “абкаткі” прававых нормаў, якія, паводле іхнага меркаваньня, павінны стаць падмуркам арганізацыі. У гэтым і палягае наша пазыцыя: непрыемна, калі нас выкарыстоўваюць у выглядзе палігону. Мы хацелі б, каб стасункі будаваліся на падставе рэальных гандлёвых зносінаў”.

Найбольшыя спрэчкі цягам нядаўніх перамоваў выклікалі тры сфэры: тэлекамунікацыі, страхаваньне і банкавая галіна, куды, на думку беларускага боку, доступ замежнага капіталу пакуль можна абмежаваць. Між тым, незалежныя экспэрты мяркуюць, што Беларусі пагражае ня столькі адтэрміноўка з гіпатэтычным прытокам інвэстыцыяў, колькі адмова прыняцьця ў сябры арганізацыі наогул. Прэзыдэнт саюзу наймальнікаў эканаміст Георгій Бадзей упэўнены: ні сёлета, ні ў наступным годзе Беларусь ва Ўсясьветную арганізацыю ня прымуць.

(Бадзей: ) “Штодня ў нас новыя захады ў справе абмежаваньня гандлю. Нават апошнія нарады ў кіраўніка краіны сьведчаць: улада ўвесь час імкнецца рэгуляваць гандаль нейкімі асаблівымі мерамі. Але правілы Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі найперш патрабуюць адмены ўсялякіх нетарыфных абмежаваньняў — квотаў, ліцэнзіяў і г.д. Мы ўвесь час уводзім усё новыя і новыя. То дзяржаўную манаполію на пастаўкі цукру, то на тытунь, то на алькаголь. Гэта ўсё супярэчыць патрабаваньням арганізацыі. І калі мы хочам туды ўступаць, гэтыя рашэньні ня толькі прымаць нельга, але нельга нават думаць у гэткім рэчышчы. Калі б мы разумелі, што гэта нам патрэбна, мабыць, падобныя рашэньні не прымалі б”.

Ускосна гэтае меркаваньне пацьвердзіў і намесьнік міністра замежных справаў Аляксандар Міхневіч, які ня здолеў назваць пэўны час, калі беларускія ўлады разьлічваюць далучыцца да арганізацыі. Пры гэтым дзяржаўныя асобы не хаваюць: у гэтай справе Беларусь наўпрост арыентуецца на Расеяю. Прадстаўнікі МЗС лічаць, што сяброўства ў арганізацыі без Расеі бессэнсоўнае, паколькі ў іншым выпадку распачнецца хаос у міждзяржаўных стасунках.

А вось эканаміст Георгі Бадзей упэўнены: такая практыка можа ўрэшце скончыцца тым, што Расея ўступіць ў арганізацыю самастойна, не зважаючы на засьцярогі Беларусі. Прынамсі, прэтэнзіяў да расейскіх законаў ва Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі мінімум.
XS
SM
MD
LG