Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧАГО ЧАКАЦЬ АД НОВАГА ЗБЛІЖЭНЬНЯ ПАМІЖ МЕНСКАМ І МАСКВОЙ?


Ул. інф.

Адна з высноваў, якую робіць у сваім артыкуле журналіст “Neue Zuercher Zeitung”: адкрыцьцё новай місіі АБСЭ ў Менску — справа вельмі своечасовая, задача ж місіі становіцца надзвычай важнай.

Аўтар публікацыі робіць акцэнты на некаторых падрабязнасьцях апошняй сустрэчы паміж Лукашэнкам і Пуціным ў Менску. Са спасылкай на відавочцаў ён піша, што гэтым разам прэзыдэнты надзвычай добра кантактавалі адзін з адным і доўга (дзесьці да паўночы) правялі ў рэзыдэнцыі беларускага лідэра. Падобнага гонару Лукашэнка даўно не аказваў замежным гасьцям. Улічваючы, што летась дачыненьні паміж лідэрамі былі зусім іншымі, рэанімаванае каханьне многіх уразіла.

Назіральнікі зьвярнулі ўвагу і на такі момант. Адрозна ад былога амэрыканскага прэзыдэнта Клінтана, якія наведаў Беларусь ў студзені 1994 году і меў сустрэчы ня толькі з прадстаўнікамі ўладных структураў, расейскі кіраўнік не сустрэўся ні з кім зь беларускіх дысыдэнтаў, дый у размовах ні разу не закрануў гэтай тэмы. Выглядае, што ў крамлёўскага кіраўніка аўтарытарнасьць Лукашэнкі і ягонае спэцыфічнае ўяўленьне пра дэмакратыю выклікаюць значна меней пытаньняў, чым у Захаду, — піша “Neue Zuercher Zeitung”.

Паводле аўтара артыкулу, пытаньні адносна стану правоў чалавека ў Беларусі ўжо даўно выклікаюць клопат у заходніх палітыкаў. Ёсьць інфармацыя, што беларускі лідэр мае дачыненьне да загадкавага зьнікненьня сваіх апанэнтаў. Што да шырокіх грамадзкіх колаў Заходняй Эўропы, то тут тэму зьніклых беларускіх палітыкаў уздымаюць хутчэй рэдка, чым часта.

Тым часам менская пракуратура пачынае паступова закрываць справы зьніклых. Што да фактычнага перасьледу дысыдэндаў, то ён па-ранейшаму працягваецца. Так, нядаўна ў Менску быў жорстка зьбіты 75-гадовы акадэмік Радзім Гарэцкі, крытык рэжыму Лукашэнкі дый цесьць супрацоўніка беларускіх спэцслужбаў, які ўцёк на Захад. Сумнеўна, каб у выніку ўзбуджанай міліцыяй крымінальнай справы знайшлі сапраўдных вінаватых.

Як піша швайцарскае выданьне, уладам вельмі зручна прытрымлівааца вэрсіі, што Гарэцкі стаў ахвярай нападу звычайных крымінальнікаў.

Наўрад ці трэба спадзявацца, што ў зьвязку з пацяпленьнем двухбаковых дачыненьняў паміж Менскам і Масквой у галіне правоў чалавека адбудуцца пазытыўныя зрухі. У гэтым сэнсе прывязка да Расеі дае мала добрага, — піша аўтар артыкулу.

На нейкія дывідэнды можа спадзявацца хіба што толькі Лукашэнка. Ён, канечне, добра разумее, што без сувэрэнітэту Беларусі асабістай улады яму ніяк не захаваць. Аднак пры гэтым ўсьведамляе, што для Захаду ён ёсьць ізгоем, што эканамічныя дачыненьні з заходнімі краінамі сапсаваныя. Надзеі на танныя крэдыты і энэрганосьбіты могуць быць зьвязаныя толькі з Усходам. Па сутнасьці, гэта адзінае, што можа дазволіць цяперашняй Беларусі трымацца на паверхні, — піша швайцарскае выданьне.
XS
SM
MD
LG