Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ПОЛЬСКАЯ ПРЭСА КАМЭНТУЕ ВЫНІКІ КІЕЎСКАГА САМІТУ КІРАЎНІКОЎ КРАІНАЎ СНД


Аляксей Дзiкавiцкi, Варшава

Паводле польскіх мэдыяў, адсутнасьць у Кіеве чатырох прэзыдэнтаў краінаў Цэнтральнай Азіі сьведчыць пра ўсё большыя супярэчнасьці ўнутры садружнасьці і пра яе паступовы заняпад.

Што да абраньня Леаніда Кучмы на пасаду старшыні рады краінаў СНД, дык польскія газэты адзначаюць, што перадача гэтай функцыі прэзыдэнту Ўкраіны, упершыню пасьля шматгадовага кіраваньня Расеі, сьведчыць пра намеры Крамля глыбей уцягнуць Украіну ў структуры, дзе Расея дамінуе, а менавіта такой структурай і ёсьць СНД.

Некаторыя газэты спрабуюць адказаць на пытаньне, чаму Аляксандар Лукашэнка, як гэта было летась, не пратэставаў супраць прызначэньня на гэтую пасаду прэзыдэнта Ўкраіны, якая, паводле ягоных словаў, фармальна нават ня ёсьць сябрам СНД. Вось што лічыць на гэты конт экспэрт у справах Беларусі варшаўскага Цэнтру ўсходніх дасьледаваньняў Рафал Садоўскі:

(Садоўскі: ) “Мне падаецца, што на такія паводзіны Лукашэнкі паўплывалі прынамсі два чыньнікі. Па-першае, на кандыдатуры Кучмы настойвала Расея. Расея цяпер інтэнсыфікуе сваю палітыку адносна Ўкраіны. Украіна мае канфлікт з Захадам, і Крэмль хоча гэтую сытуацыю выкарыстаць, прыцягнуць Кіеў да сябе. З другога боку, на саміт не прыехалі прэзыдэнты Карымаў і Назарбаеў, якія, разам з Лукашэнкам, былі галоўнымі праціўнікамі прызначэньня Кучмы на пасаду кіраўніка Рады СНД. Таму Лукашэнка ня меў ніякай падтрымкі і быў вымушаны пагадзіцца на кандыдатуру ўкраінскага прэзыдэнта”.
XS
SM
MD
LG